Тэма 6. Жанраўтваральная роля паэтонімаў у творах сучасных беларускіх пісьменікаў
Катэгорыя жанру з’яўляецца адной з ключавых пры аналізе любога мастацкага тэксту. На думку Ю. М. Тынянава, “асобнага твора ў літаратуры не існуе, ён уваходзіць у сістэму літаратуры, суадносіцца з ёю па жанры і стылі” [159, с. 227]. Варта адзначыць, што тэрмін “жанр” дагэтуль не атрымаў выразнага вызначэння ў літаратуразнаўчых працах. У тэрміналагічных слоўніках зафіксавана больш за 700 розных тлумачэнняў гэтага тэрміна. Пры ўсёй складанасці і неадназначнасці такой металінгвістычнай сітуацыі тым не менш цяжка цалкам адмовіцца ад гэтага папулярнага тэрміна. У нашым даследаванні тэрмін “жанр” выкары-стоўваецца ў самым шырокім сэнсе, а менавіта як “тып (від, разнавіднасць, сукупнасць) мастацкіх твораў, якія характарызуюцца агульнасцю фармальных і зместавых асаблівасцяў” [126, с. 7].
“Гістарычная проза – умоўнае абазначэнне для разнастайных па структуры і кампазіцыі раманаў, аповесцей, апавяданняў, у якіх расказваецца пра гістарычныя падзеі больш-менш аддаленага часу, а дзейнымі асобамі (галоўнымі або другараднымі) могуць выступаць гістарычныя асобы. Аўтары твораў гістарычнай прозы не толькі перадаюць факты мінулага, але і па-мастацку іх перапрацоўваюць, робячы яркімі і жывымі” [32, с. 325]. Адметнасцю мастацкага асэнсавання даўніны ў гістарычнай прозе з’яўляецца ўзнаўленне не столькі самой гісторыі, колькі “чалавека ў віхурах яе, у паўсядзённых сутыкненнях з праблемамі свайго часу” [184, с. 98]. М. Гаспараў адзначае: “Працэс мастацкага асваення мінулага ёсць разам з тым і працэс ідэйнага і эстэтычнага выхавання чалавека. Стварэнне вобразаў людзей і падзей мінулых часоў, захопліваючы пачуцці чытача, выхоўваючы яго волю, уздзейнічаючы на яго розум, фарміруе яго адносіны да гістарычнага мінулага” [32, с. 327].
Ажыўляючы далёкія постаці слаўнай беларускай мінуўшчыны, пісьменнікі ўмела выкарыстоўваюць вобразна-выяўленчыя магчымасці ўласных імёнаў, якія з’яўляюцца каштоўным помнікам культуры беларусаў. У анамастычных даследаваннях не раз заўважалася, што імёны маюць важнае значэнне не толькі як матэрыял мовы, але і “як помнік поглядаў, паняццяў і ўяўленняў народных, у імёнах нярэдка адлю-строўваецца характар і дух народа лепш, чым ва ўсіх іншых гістарычных помніках; у гэтым выпадку ўласныя імёны служаць скарочанай гісторыяй унутранага быту і духу народнага, і нярэдка, дзе маўчаць хронікі і гістарычныя помнікі, там пачынае гаварыць слова” [64, с. 29].
Прадметам мастацкага аналізу ў гістарычным прыгодніцкім рамане Зінаіды Дудзюк “Велясіты” стала адна з невядомых старонак даўняй славянскай гісторыі. Пісьменніца ўзнаўляе падзеі ІХ–Х стагоддзяў н. э. – процістаянне старажытнай славянскай дзяржавы Велясіціі Візантыйскай імперыі. У аповесці-хранографе “Славянскія князі” і зборніку эсэ “Шляхамі адвечнага слова” З. Дудзюк, абапіраючыся на звесткі, пакінутыя старажытнымі гісторыкамі, адшуквае даўнія сляды славянскіх плямёнаў – смалян, магілян, селічаў, рачан, лісічан, сапаў, люцічаў і мн. інш. – у помніках культуры чалавецтва. У зборніку эсэ “Нямеранае багацце” пісьменніца тлумачыць паходжанне найстаражытнейшых антрапонімаў, вывучае сканцэнтраваную ў імёнах герояў легенд, міфаў, паданняў і казак культурна-гістарычную інфармацыю – захаванае і перададзенае ад продкаў да нашчадкаў нямеранае духоўнае багацце славянскіх народаў. Аўтарка не толькі малюе драматычныя падзеі і постаці мінулага. Яна тонка перадае асаблівасці светаадчування і мыслення старажытных славян. Вырашэнню гэтай мастацкай задачы спрыяе ўмелае выкарыстанне вобразна-выяўленчых магчымасцяў уласных імёнаў, найперш антрапонімаў.
Да ўвядзення хрысціянства імёны славян з’яўляліся празваннямі-характарыстыкамі, якія акрэслівалі фізічныя, разумовыя, маральныя якасці чалавека, паказвалі на парадак з’яўлення дзіцяці ў сям’і, на час, жаданасць нараджэння дзіцяці. У адным са старажытных азбукоўнікаў гаворыцца: “Первых родов и времен человецы… до некоего времені даяху детем своим имена, якоже отец и мать отрочати изволят: или от взора и естества, или от вещи, или от притчи. Такожде и словене предже их крещения даяху имена детем своим сице: Богдан, Божен, Первой, Второй, Любим и ина такова. Добра же суть и та” [147, с. 42]. “Назвиско”, “рекло”, “назвище”, “прозвание” (так называліся язычніцкія імёны-мянушкі) акрэслівалі індывіда паводле знешняга выгляду, фізічных недахопаў (Беззуб, Безнос, Брухан, Глазатай, Головач, Горбач), паводзінаў (Баламут, Быстрой, Неупокой, Несмеян, Плакса) і інш. [19, с. 98–99].
Берасцейская пісьменніца ў антрапаніміконе сваіх твораў па-мастацку прэзентуе рэальны свет, рэчаіснасць. Таму антрапанімічная прастора мастацкага тэксту з’яўляецца адлюстраваннем пэўнай этнамоўнай антрапа-
німічнай прасторы, якая аб’ектыўна склалася і існуе ў тую ці іншую гістарычную эпоху. Ствараючы антрапанімічны свет свайго твора, аўтарка выбірае адпаведныя этасу (месцу, часу, этнакультурнаму рэгіёну, у якім разгортваюцца падзеі) онімы.
Творы З. Дудзюк цікавыя і адметныя спалучэннем свету рэальных падзей і постацяў айчыннай гісторыі са светам падзей і персанажаў, народжаных уяўленнем аўтаркі. Таму ўсе зафіксаваныя ў творах антрапонімы мы можам падзяліць на дзве групы. Па-першае, гэта імёны рэальных гістарычных асоб, па-другое, гэта празванні персанажаў, створаных фантазіяй пісьменніцы.
Значную частку антрапанімікону гістарычных твораў складаюць імёны рэальных гістарычных дзеячаў, валадароў тагачасных дзяржаў свету: славянскіх князёў Вакаміра, Драгавіта, Мусокія, Пірагаста, Людавіта, імператара Вялікай Рымскай імперыі Карла, булгарскага хана Крума, візантыйскіх базілеусаў Канстанціна, Льва, Нікіфара, базілісы Ірыны, папы Льва ІІІ, патрыярха Мікалая ІІІ, каліфа Гаруна-аль-Рашыда і інш.
З. Дудзюк не раз выкарыстоўвае прыём актуалізацыі ўнутранай формы імені рэальнай гістарычнай асобы. Напрыклад, князь Велясіціі мае імя Вакамір. Кантэкст рамана “Велясіты” напаўняе гэтае найменне глыбінным сэнсам. Празванне валадара велясітаў утрымлівае інфармацыю пра даўнія вандроўкі славянскіх плямёнаў па Еўропе і Азіі. Сын князя наведаў мёртвы горад у далёкай пустыні, дзе яму расказалі пра тое, што “ў такім горадзе была пабудавана вежа, на якой прымацаваны вялізны празрысты крышталь, праз які чараўнікі разглядалі зорнае неба і чыталі боскія тайны лёсаў. Гэты крышталь называўся вокамсвету [міру]. Мір на славянскіх мовах азначае не толькі згоду, адсутнасць вайны, але і свет. Выходзіць, што і продкі славян ведалі пра гэта цудоўнае вока” [42, с. 17]. Згодна з традыцыяй таго часу асабовыя імёны палітычных дзеячаў ужываліся ў некалькіх фармальных разнавіднасцях. Так, рамеі [візантыйцы] называлі князя Акамірам: “магчыма, першыя тры літары ім нагадваюць слова «аква» – вада” [41, с. 24].
Нашы продкі разумелі імя матэрыяльна, як неад’емную частку іменаванага, верылі ў тое, што імя прадвызначае жыццёвы шлях чалавека. Вера ў сувязь імені чалавека і яго лёсу выявілася ў звычаі надаваць немаўляці імя боства, якое будзе ахоўваць носьбіта празвання ад небяспекі. Так, князь Веляслаў быў названы ў гонар Вялеса: “Ён носіць імя бога, які спрадвеку апякуецца іхнім родам і гаспадаркаю” [41, с. 21]. У цяжкія хвіліны жыцця Веляслаў просіць падтрымкі і спрыяння ад пакравіцеля шляхоў і падарожных, магутнага чараўніка Вялеса: “Магутны Вялесе і духі продкаў, звяртаюся да вас з просьбаю. Дапамажыце мне ва ўсіх задумах і здзяйсненнях, дайце мудрасці і сілы”[41, с. 53].Сляды пакланення нашых продкаў язычніцкім багам можна знайсці і ў сучасным антрапаніміконе. У зборніку эсэ “Нямеранае багацце” З. Дудзюк заўважае, што “на Берасцейшчыне даволі пашыраныя прозвішчы Велясевіч, Валасевіч, Волас, Валаско, Валашанюк, Валошка, Валошчык, Валашчук, Волх, што паказвае на магчымую прыналежнась уласнікаў гэтых прозвішчаў да племя, якое пакланялася Вялесу” [48, с. 22–23].
Пісьменніца адзначае, што імёны бостваў ляжаць у аснове найменняў магутных правадыроў славянскіх плямёнаў: “Хоць у гістарычных крыніцах гэта імя запісана як Ардагаст, хутчэй за ўсё, па-славянску яно гучала як Радагост, або Радагосць. Слова Ардагаст дзеліцца на дзве часткі: арда (змененая “рада”) і гаст (сэнсава адпавядае слову “госць”). Прынамсі, Радагостам называўся галоўны бог паморскіх славян. У якасці антрапоніма гэтае імя было распаўсюджана ў старажытнабалгарскай, старых чэшскай і польскай мовах” [49, с. 214]; “Вышан – князь славянскага племені абадрытаў. Магчыма, імя магло гучаць як Вышань, бо так называўся адзін з галоўных язычніцкіх багоў, у якім увасабляўся дух Усявышняга” [49, с. 246].
“Слова імя ўзыходзіць да індаеўрапейскага *nmen- з *enmen-, якое тлумачаць як утварэнне ад *en “унутры”, “у” + -men (суфікс). Адсюль – найстаражытнейшая семантычная інтэрпрэтацыя імені як таго, што ўкладваецца, накладваецца, ускладаецца” [130, c. 23]. Стваральная прырода называння праяўлялася ў функцыянаванні так званых імёнаў-пажаданняў, якімі нібыта накрэсліваўся лёс старажытных валадароў: “Валук – князь венедаў. Імя гэтае паходзіць ад слова «ўладыка» і азначала ў славян вярхоўнага кіраўніка, правадыра ці князя. Магло паходзіць імя і ад слова «вялікі», якое, магчыма, уваходзіла ў склад княжацкага тытула” [49, с. 235]. Выклад рэальных гістарычных падзей у аповесці-хранографе “Славянскія князі” раскрывае сакральны сэнс імя славянскага князя Людавіта: “«Л» – першая руна імя Людавіта. З гэтай руны пачыналіся галоўныя словы ў жыцці славян: Лада, Лёля, людзі, любоў, лёс, лук, ляда, лён. Як быццам сам Хорс прыклікаў Людавіта да дзейнасці і абароны свайго роду і племені. Менавіта Людавіт павінен бараніць веды і веру продкаў, чаго б гэта яму ні каштавала” [49, с. 255–256]. Кантэкст аповесці паказвае ажыццяўленне князем пажадальнай сутнасці гаваркога імені: “Людавіт да канца змагаўся за веру сваіх продкаў і ахоўваў племя ад чужога ўплыву, разумеючы, што праз здраду веры продкаў згубіць племя сябе, сваё імя і твар, а людзі разбрыдуцца па свеце і рассеюцца ў асяроддзі чужых плямёнаў, як пясчынкі ў пустыні” [49, с. 255–256].
З.Дудзюк адзначае, што ў славян былі пашыраны засцерагальныя імёны, якія, маючы адмоўны сэнс, павінны былі адхіліць беды, хваробы і смерць: “Нябул – славянскі князь, імя якога паходзіць ад дзеяслова «не быў» і з’яўляецца ахоўным ад злых духаў, дарэчы, на палескім дыялекце гэтыя словы вымаўляюцца як «не буў»” [49, с. 241].
У даўніх імёнах, якія данеслі да нас казкі і легенды, фіксуюцца ўяўленні нашых продкаў пра будову сусвету. Сусвет уяўляўся старажытным славянам як адзінства неба, зямлі і свету падземнага. З зямлі можна было падняцца да неба і трапіць у царства памерлых. Вось зямлі пранізвала сусвет і звязвала неба, зямлю і апраметную ў адно цэлае. Воссю зямлі было Сусветнае Дрэва Жыцця, гара або камень. Галоўным героем беларускай казкі “Сіняя Світа Навыварат Сшыта Саламяны Каўпак” з’яўляецца чараўнік, які можа мяняць свой выгляд як заўгодна. Каб абхітрыць цара, чараўнік ператвараецца ў звяроў, рыбу, іголку і просіць дапамогі ў птушкі Нагай, якая жыве на тым свеце. Сіняя Світа Навыварат Сшыта пераходзіў з таго свету ў гэты, мяняючы абліччы. Пісьменніца тлумачыць сакральны сэнс імені гэтага персанажа:“Сіняя Світа Навыварат Сшыта – гэта не што іншае, як неба. Мы бачым вонкавы бок неба, а герой казкі ведае яго з сярэдзіны, з левага боку. Саламяны Каўпак– другая частка імя – гэта таксама намёк на нябесны купал ці, можа, нават на сонца… Галоўны персанаж казкі не проста чалавек, гэта хутчэй пасланец неба, каб пазмагацца з зямным царом-чарадзеем, перамагчы яго ды ажаніцца з ягонай дачкою, яднаючы зямлю і неба. Гэтак неба яднаецца з зямлёю праз Вечнае Дрэва Жыцця, каб прадоўжыць існаванне свету” [49, с. 22–23].
Што да імёнаў персанажаў, створаных фантазіяй пісьменніцы, то найменні гэтыя адлюстроўваюць мадэлі іменавання, якія існавалі ў старажытных славянскіх дзяржавах. У. А. Ніканаў пісаў: “Уласнае імя існуе толькі ў грамадстве і для грамадства; яно і дыктуе няўмольна выбар іх, якім бы індывідуальным ён ні ўяўляўся” [114, с. 158]. Імёны ў старажытным грамадстве былі сацыяльна інфарматыўнымі. Так, героі рамана “Велясіты”, якія з’яўляюцца прадстаўнікамі вышэйшых саслоўяў, маюць складаныя імёны: княгіня Міраслава, вядун Святаслаў і інш. У такіх паэтонімах адлюстравана найстаражытнейшая традыцыя імяслаўя. Празванні ўтрымлівалі пажаданне чалавеку стаць вялікім, магутным, моцным, слаўным валадаром або святаром. Імёны прадстаўнікоў ніжэйшых саслоўяў уяўляюць сабой празванні-мянушкі, якія адлюстроўваюць знешнасць (Агнян, Злаціца, Лілея), характар чалавека (Радуня, Весяліна, Гаразд, Храбр), абставіны нараджэння (Обрыч быў народжаны ад обра – прадстаўніка цюркскага племені – славянскай жанчынай), адносіны да дзіцяці ў сям’і (Любім). Апатрапеічнае (ахоўнае) імя Неўдах (Нешчаслівы) павінна было адпужаць духі няўдачы ад чалавека.
Героі рамана “Велясіты” князі Драгамір і Веляслаў падарожнічаюць па свеце, наведваючы Візантыю, каралеўства франкаў, мусульманскія краіны. Інфармацыю пра нацыянальную прыналежнасць персанажаў-іншаземцаў – візантыйцаў (Эцый, Памфіл, Галерый, Стаўрокій, Мікандр), франкаў (Атальберт, Рамгуальд, Альда, Радэр), арабаў (Забайда, Муса, Зелімхан) – нясуць іх імёны.
З пункту гледжання літаратурна-мастацкай (паэтычнай) анамастыкі многія з імёнаў персанажаў, створаных фантазіяй аўтаркі, з’яўляюцца гаваркімі онімамі.
Празванні эпізадычных герояў, як правіла, можна лічыць прамагаваркімі паэтонімамі. Такія імёны маюць празрысты сэнс, яны характарызуюць прама, непасрэдна, з’яўляючыся свайго роду ярлыкамі, этыкеткамі. Антрапонімы гэтага тыпу дазваляюць ярка, коратка і дакладна намаляваць цэласны вобраз. Так, гаваркое празванне Весяліна трапна акрэслівае характар дзяўчыны: “Імя Аманавай сястры, пэўна, далі нездарма. Была яна сапраўды неўтаймаваная весялуха, увесь час ці нешта спявала, ці прытупвала, ці смяялася без дай прычыны” [41, с. 74].
Імёны галоўных герояў гістарычнай прозы Зінаіды Дудзюк можна аднесці да ўскоснагаваркіх онімаў. Такія паэтонімы пазбаўлены зададзенасці і просталінейнасці прамагаваркіх онімаў, маюць “зацемненую” ўнутраную форму, для высвятлення якой патрэбны кантэкст. Сэнс гэтых празванняў раскрываецца праз спасціжэнне мастацкіх характараў, створаных пісьменнікам. Э. Б. Магазанік адзначаў: “Такія імёны – не шыльда, якая загадзя тлумачыць чытачу тое, з кім ён мае справу, а акампанемент, які гучыць толькі для чулага вуха. Спасцігнуўшы падтэкст такога празвання, расшыфраваўшы знакі аўтарскай характарыстыкі героя, мы ўзбагацім сваё ўспрыманне мастацкага твора” [94, с. 30].
Адна з галоўных гераінь твора носіць імя Радуня (Радасць), якое адпавядае знешняй і ўнутранай сутнасці прыгажуні, што падарыла князю Веляславу радасць першага кахання, пайшла з ім у палон, ратавала словам і лекамі параненага Драгаміра: “Веляслаў зноў пабачыў яе, маладую, светлую, закаханую… Яму так яскрава ўявіліся шэрыя Радуніны вочы, доўгая русявая каса, усмешлівыя вусны і ямачкі на шчоках, што, здалося, працягні руку – і яна апынецца ў абдымках, даверлівая і свавольная, пяшчотная і недасяжная, як тая першая вечаровая зорка” [41, с. 22]. Станоўчая экспрэсія ўзмацняецца за кошт ужывання памяншальна-ласкальнай формы імені: “Дзякую табе, Радунька. Ты свецішся, нібы сонца. І мне светла, таму што ты побач!” [41, с. 59]. Імя Гаразд уяўляе сабой лаканічную характарыстыку здольнага, спрытнага, кемлівага хлопца: “Гаразда ратавала тое, што ён з маленства быў прывучаны да цяжкай сялянскай працы. У чатырнаццаць гадоў нароўні са сталымі мужчынамі спраўляўся на сенакосе і не дазваляў сабе адставаць” [41, с. 74].
Пісьменніца фіксуе даўні звычай нашых продкаў набываць новае імя пры пераходзе ў іншы ўзроставы, сацыяльны статус. Аўтарка адзначае, што ў старажытнасці людзі былі ўпэўнены ў пераўтварэнні чалавека, які набывае новае празванне. Імя дачкі хазарскага кагана, прыгажуні Багдагуль, азначае ‘кветка, дадзеная Богам’: “над ім [іменем] ляталі рознакаляровыя матылі. Яно мела бязмежную прастору мары і надзеі, дзе над белаю юртаю ззяла золатам сонца і сінела неба, а іхнім адлюстраваннем цвілі на зямлі блакітныя і жоўтыя кветкі” [41, с. 28]. Страціўшы волю, Багдагуль губляе і імя, становячыся пасля хрышчэння Ірынай. Імя, што ў грэчаскай мове азначае ‘мір’, нібыта накрэсліла лёс прыгажуні, якая стала заложніцай міру паміж Візантыяй і цюркскімі плямёнамі: “Я страціла вольную прастору. Мяне прывезлі ў каменны палац, дзе ўсё ілжыва блішчыць пазалотаю, але гэта толькі залатая клетка, дзе я вымушана дзень і ноч змагацца за сваё спакойнае існаванне ў жыцці” [41, с. 28]. “Багдагуль і яе дзядзьку давялося адмовіцца ад сваіх шматлікіх хазарскіх багоў, прыняць хрысціянства, змяніць імёны. Яна стала называцца Ірынайу гонар умацавання міру паміж хазарамі і візантыйцамі. Дзядзька ўзяў сабе такое ж імя, якое насіў базілеус Канстанцін” [41, с. 29] . Сын хазарскага кагана, трапіўшы ў Візантыю, прымае хрышчэнне і бярэ імя візантыйскага базілеуса Канстанціна. Герой заўважае: “Я перахрысціўся, прыняў новае імя. Ува мне нічога не засталося хазарскага” [41, с. 29].
Сын князя Веляслаў трапляе ў палон і праходзіць цяжкія выпрабаванні, каб вярнуць найдаражэйшую каштоўнасць – волю. Набыва-
ючы яе, юнак бярэ новае імя: “Самая галоўная рэч на гэтым свеце – воля. Толькі з ёю ты належыш сам сабе, а без яе чалавек ператвараецца ў жывёлу, з якою можна зрабіць што заўгодна. Заві мяне проста Воля.
Я – гэта Воля. Калі няма Волі, няма і мяне” [41, с. 16]. Вандруючы па мусульманскіх краінах разам з сябрам і паплечнікам Мусой, славянскі князь атрымлівае імя Хасан Сакр (Прыгожы Сокал). Сакалібамі (сокаламі) мусульмане называлі славян, а азначэнне ў саставе імені перадае знешнюю і ўнутраную прыгажосць маладога чалавека. Адзначым, што імёны народнасці і чалавека Сокал маюць татэмістычнае напаўненне: на ранніх этапах развіцця ўсходнеславянскай імянной сістэмы найменні плямёнаў былі непасрэдна звернуты да свету прыроды, часткай якой былі і людзі. Продак-татэм персаніфікаваў сабой чалавечы калектыў і як бы існаваў у кожным яго члене, што выражалася ў імёнах. У этноніме і антрапоніме Сокал адлюстраваны водгалас уяўленняў пра татэмнага продка славянскага племені. Пісьменніца заўважае, што назва продка-татэма стала асновай імені князя Дзярвана: “Дзярван – князь сорбаў, або сербаў. Этымалогія імя праглядваецца лёгка, яно аднокарэннае са словам «дрэва» або «дзірван»” [49, с. 235].
Дахрысціянскія імёны часта ўтвараліся на базе найменняў раслін і жывёл. Я. Станкевіч адзначаў дэзыдэратыўны (пажадальны) характар такіх імёнаў: “Даючы такія й падобныя ймёны, бацькі ймёнамі выказвалі свае зычэньні дзецяняці, зычылі, каб сын быў дужы, як мядзьведзь, тур, вол; хітры, як ліс; адважны, як арол, сакол; цьвярды, як дуб; каб дачка была любовая, як зязюля; харошая, як ластаўка, краска, кветка” [141, с. 96]. На старонках твораў З. Дудзюк многа паганскіх імёнаў, утвораных на базе найменняў жывых істот. Носьбіты такіх празванняў нібыта роднасныя тым жывёлам, птушкам і раслінам, назвы якіх сталі асновай гаваркіх імёнаў. Так, адна з гераінь рамана “Велясіты”, прыгажуня, якая паланіла сэрца княжыча Волі, мае імя Лілея, утворанае ад назвы пяшчотнай і прыгожай кветкі. Нездарма сябар Волі Муса гаворыць: “Тут жанчыны цвітуць, як кветкі” [43, с. 113]. У аснове язычніцкагаімені княгіні Дубраўкі ляжыць апелятыў са значэннем ‘лес са значнай колькасцю дубоў і маладога дубняку’. Дуб у славянскай міфалогіі – сімвал вечнага жыцця. Верхняя частка дуба сімвалізуе свет вечнасці, а карані адпавядаюць зоне захавання продкаў. Каля каранёў знаходзіцца ўваход у Трыдзявятае царства – царства смерці. “Дубравы старажытнымі славянамі лічыліся свяшчэннымі, былі звязаны з культам продкаў, уяўляліся месцам, дзе захоўваліся душы дзядоў” [15, с. 147]. Імя Дубраўка адпавядае надзвычайным здольнасцям жанчыны, якая тонка адчувае нябачны свет духаў і можа адкрываць будучыню ў прарочых снах. Страціўшы мужа-князя, Дубраўка самаахвярна кідаецца ў пахавальны агонь, каб суправаджаць Вакаміра ў царства памерлых. Асновай імені Салавей становіцца найменне птушкі, высока ацэненай за дасканалы спеў. Чалавек з такім іменем атрымлівае ў спадчыну ад продка-татэма якасць цудоўна гаварыць і зачароўваць сваімі прамовамі супляменнікаў: “Захаваліся звесткі пра наўгародскага паганскага валхва, які так прыгожа і ўзнёсла ўмеў гаварыць пропаведзі, што за гэта быў празваны людзьмі Салаўём. Калі ж пачалося прымусовае хрышчэнне наўгародцаў, Салавей сабраў сваіх адданых вернікаў і пачаў помсціць князям. Ці не пра яго пасля была складзена быліна, якая называлася «Салавей-разбойнік»” [50, с. 5].
Імёны ў старажытным грамадстве былі паказчыкамі роднасці і сваяц-
тва. У адпаведнасці са звычаем суйменавання прадстаўнікі адной сям’і мелі імёны, якія ўтрымлівалі агульны структурны кампанент. Так, каваль, які стаў князем велясітаў, носіць імя Радаслаў, ягоны брат названы Рада-
мірам, а дачка мае імя Радуня. Князь волатаў празываецца Драгавітам,
а ягоныя ўнукі маюць імёны Драгамір і Сіладраг. Кампанент Драг- у пера-
кладзе са старажытнаперсідскай мовы, як адзначае З. Дудзюк у аповесці-хранографе “Славянскія князі”, азначае ‘другі, іншы, варожы’ [49, с. 248]. Кантэкст твораў пісьменніцы ажыўляе этымалагічную семантыку празван-
няў князёў: плямёны, узначаленыя імі, былі “варожыя франкам і іх саюзнікам, сустракалі іх вайною, даймалі і трывожылі” [49, с. 249].
Старажытныя людзі былі ўпэўнены ў тым, што дух памерлага жыве ў яго імені. Нованароджанага лічылі адным з памерлых членаў роду, які нарадзіўся зноў. Таму імя продка, які такім чынам нібыта працягваў сваё існаванне, давалі дзіцяці. Гэты звычай адлюстраваны ў рамане “Велясіты”. Так, Радуня назвала сваіх сыноў імёнамі бацькі, братоў, сябра і каханага, праз гэта ўваскрашаючы людзей, якіх любіла: “У мяне сям’я, пяцёра сыноў. Старэйшага завуць Веляславам, як і князя, наступнага Радаславам, як і майго бацьку, Любаграя і Міраслава назвала ў гонар маіх братоў. Самы меншы Драгамір. Нашу я вас усіх у маім сэрцы” [43, с. 123].
Імёны старажытныміславянамі даваліся не толькі дзецям, але і дарослым з нагоды розных выпадкаў. Імя-празванне грамадска-побытавага характару сустракаецца і на старонках рамана “Велясіты”: “У нас адзін хлопец быў, ды такі няўдалы. Сабраўся ён аднойчы з мужчынамі сена касіць. Абед узяў, але ж такі цяжкі, што ледзь валачэ, і думае, дурненькі, што маці нешта смачнае напакавала. Ужо і мужчыны пасмейваюцца, гледзячы на яго, распытваюць, што ён у торбу наладаваў. А ён плячыма паціскае: маўляў, што далі, тое і буду есці. Як прыйшла пара абедаць, разгарнуў сваю торбачку, а там адна соль. Гэта бацька купіў ды паставіў у куточак, а гэты ёлупень падумаў, што абед, ну і было рогату. З таго часу яго завуць Салёны” [42, с. 13].
Такім чынам, у творах Зінаіды Дудзюк па-мастацку адлюстраваны
не толькі іменаслоў дахрысціянскай пары, але і адчуванне старажытным чалавекам свету праз імя – неад’емны складнік асобы, які праграмуе лёс, звязвае з татэмным продкам, абараняе чалавека ад злых сіл, аб’ядноўвае з сям’ёй, родам, племенем. З пункту гледжання літаратурнай анамастыкі большасць антрапонімаў, ужытых у кантэксце прааналізаваных твораў пісьменніцы, з’яўляюцца ўскоснагаваркімі паэтонімамі. Дэфінітыўная сутнасць такіх найменняў раскрываецца ў кантэксце твора, які стварае ўяўленне пра носьбітаў гаваркіх імёнаў.
Беларусазнаўства – гэта навука пра беларусаў і Беларусь. Прадмет беларусазнаўства – заканамернасці фарміравання, станаўлення і развіцця беларускага этнасу, матэрыяльная і духоўная культура беларусаў, узаемаадносіны з іншымі этнасамі і дзяржавамі.
У межах навуковай плыні існуе асветнае беларусазнаўства, якое распаўсюджвае сярод насельніцтва веды па мове, літаратуры, гісторыі, этнаграфіі, геаграфіі, эканоміцы, фалькларыстыцы, мастацтвазнаўстве і інш. У беларусістыцы ўжывальны і тэрмін «радзімазнаўства». Алесь Карлюкевіч серыю нарысаў – падарожжаў па гарадах, мястэчках, вёсках краіны; аповедаў пра вучоных, мастакоў, пісьменнікаў назваў «Радзімазнаўства».
Дэвізам такіх выданняў, на нашу думку, могуць стаць словы «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся».
“Кнігі аб складаным – зразумелай мовай” – так вызначаецца сучаснымі аўтарамі, чытачамі і выдаўцамі навукова-папулярная літаратура, якая ў адрозненне ад навуковых выданняў, або “літаратуры для выбраных”, здольная даступна і цікава расказаць пра дасягненні навукі людзям, зусім далёкім ад яе. Разгледзім, якія экстралінгвістычныя і лінгвістычныя рысы навукова-папулярных тэкстаў спрыяюць папуля-рызацыі навуковых ведаў сярод самай шырокай аўдыторыі і якую ролю ў гэтым працэсе адыгрывае анамастыкон.
Навукова-папулярны падстыль – адна са стылістычна-маўленчых разнавіднасцей навуковага функцыянальнага стылю, якая вылучаецца (у параўнанні з уласна-навуковым, навукова-вучэбным, навукова-тэхнічным падстылямі) “на падставе рэалізацыі дадатковых задач камунікацыі – неабходнасці перакладу спецыяльнай навуковай інфармацыі на мову неспецыяльных ведаў, а менавіта – задач папулярызацыі навуковых ведаў для шырокай аўдыторыі” [143, с. 236].
У сучаснай лінгвістыцы да цяперашняга часу застаецца дыскусійным пытанне аб статусе навукова-папулярнага падстылю, паколькі адны навукоўцы-філолагі (Р. А. Будагаў, І. Р. Гальперыні інш.) “разглядаюць сферу навуковай папулярызацыі ў межах навуковага функцыянальнага стылю як яго варыянтнасць, разнавіднасць – падстыль” [143, с. 236], а тэрміны “навуковы стыль” і “навукова-папулярны падстыль” лічаць такімі, якія знаходзяцца ў рода-відавых адносінах. Іншыя ж лінгвісты (М. К. Мілых, Г. А. Васючэнка і інш.) вызначаюць навукова-папулярны тып маўлення як самастойны функцыянальны стыль [143, с. 237].
Прытрымліваючыся традыцыйнага, першага з вышэйзгаданых пункту гледжання на становішча навукова-папулярнага падстылю ў сістэме функ-цыянальных стыляў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, адзначым, што навукова-папулярным тэкстам уласцівыя як агульныя для ўсіх навуковых жанраў прыкметы, так і адметныя рысы, якія вызначаюць іх стылістычную індывідуальнасць. Так, лагічнасць, аб’ектыўнасць, абстракт-насць, дакладнасць, аргументаванасць, інфарматыўнасць уласцівыя як уласна-навуковым, так і навукова-папулярным тэкстам. Аднак безэма-цыйнасці, строгасці, акадэмічнасці выкладу ўласна-навуковага падстылю супрацьпастаўленыя вобразнасць, экспрэсіўнасць, суб’ектыўнасць пры выяўленай аўтарскай мадальнасці, а таксама абавязковыя даступнасць, нагляднасць і займальнасць навукова-папулярнага.
Дамінантнымі лексічнымі моўнымі сродкамі ўсіх навуковых тэкстаў, як вядома, з’яўляюцца тэрміны – словы або словазлучэнні, якія абазначаюць пэўнае паняцце якой-небудзь галіны навукі, тэхнікі, мастацтва [79, с. 418]. Форма папулярызацыі навуковых ведаў і прыёмы падачы тэрмінаў у навукова-папулярным творы залежаць ад ступені засваення іх адрасатам. У сучаснай лінгвастылістыцы вылучаюць тры формы папулярызацыі: агульнаадукацыйную, інтранавуковую (якая зада-вальняе прафесійныя запыты спецыялістаў, што імкнуцца выйсці за межы вузкай спецыялізацыі ў межах сваёй навукі) і інтэрнавуковую (папаўняе міждысцыплінарныя інтарэсы навукоўцаў). З гэтага пункту гледжання ўніверсальнай з’яўляецца тэрміналогія краязнаўства.
У цяперашні час краязнаўства, з аднаго боку, вызначаецца як “навука, якая мае свой канкрэтны прадмет даследавання, – мясцовы край, да вывучэння якога падыходзяць са свайго ўласнага, арыгінальнага пункту гледжання” (Д. С. Ліхачоў, П. Т. Транько і інш.), а з другога – як сукупнасць ведаў аб тым ці іншым краі, вывучэнне яго геаграфічных, культурна-гістарычных, эканамічных, этнаграфічных асаблівасцяў, як навуковы комплекс, што аб’ядноўвае прыродазнаўства і грамадскае краязнаўства, якое ўсебакова вывучае прыроду, насельніцтва, гаспадарку, гісторыю і культуру пэўнай часткі тэрыторыі краіны (краю, вобласці, горада, вёскі)” [30, с. 72]. Ключавымі тэрмінамі ў навукова-папулярных тэкстах па краязнаўстве з’яўляюцца добра вядомыя самаму шырокаму колу чытачоў онімы.
Імя – адзін з прадуктаў чалавечай культуры. Яно фарміруецца ў пэўным этнасе, які знаходзіцца на пэўнай ступені гістарычнага развіцця. У імёнах фіксуюцца нацыянальныя ідэалы прыгажосці (ці адхіленні ад іх), вераванні, сацыяльная іерархія грамадства і мн. інш. Даследаванне імёнаў навукова-папулярнага тэксту мае вялікае значэнне для раскрыцця гіста-рычнага і сацыяльна-культурнага зместу творчай спадчыны пісьменнікаў.
Зборнік педагога, пісьменніка, даследчыка Мікалая Пашкевіча “У род-ным слове адгукаецца душа” ўключае апавяданні, эсэ, мініяцюры, у якіх шчымлівы і шчыры ўспамін пра малую радзіму пісьменніка – вёску Рубель, што на Століншчыне. Аўтар піша: “Гэта кніга пра гаворку жыхароў вёскі Рубель Столінскага раёна, пра тое, як слова дапамагае адчуць повязь са сваімі продкамі, убачыць непаўторнае хараство родных мясцінаў. Кніга адрасуецца ўсім, хто душою адгукаецца на роднае слова, каб пачуць голас сваіх продкаў, каб падаць голас сваім нашчадкам” [117, с. 3]. Зборнік Мікалая Міцковіча “Топонимическая связь времён” – гэта аповед пра іменаслоў, што перайшоў ад продкаў да нашчадкаў як моўная спадчына, у якой “што ні назва – то схаваная загадкавая семантыка, незвычайны водгук укладу штодзённага жыцця прапродкаў – чарадзейнае акенца ў свет своеасаблівага этналігвістычнага феномену Берасцейшчыны, які захоўвае асаблівую прыцягальнасць і разам з тым чароўную таямнічасць сваіх імёнаў” [108, с. 5]. Мастацкім роздумам над падзеямі гісторыі малой радзімы – Жабінкаўшчыны – з’яўляецца зборнік краязнаўцы Анатоля Бензерука “Памяць нашае зямлі”. Лёсы Берасця і славутых берасцейцаў даследаваны ў краязнаўчых зборніках Андрэя Суворава “Брест: на перекрёстке дорог и эпох: 2019–2009” і Валянціны Купцовай “Я иду по городу, по знакомой улице…”. Гісторыя славянскіх плямёнаў, сляды якіх можна адшукаць у помніках матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі і Берасцейшчыны, стала прадметам мастацкага асэнсавання ў навукова-папулярных даследаваннях Зінаіды Дудзюк.
Антрапонімы, выкарыстаныя ў навукова-папулярным тэксце, дазваля-
юць прасачыць змены ў сістэме мовы, вызначаныя культурнымі і палітыч-
нымі падзеямі ў грамадстве. Антрапанімія навукова-папулярных твораў сучасных берасцейскіх аўтараў абапіраецца на агульнанародны беларускі іменаслоў.
Героі твораў Мікалая Пашкевіча – простыя вяскоўцы – з’яўляюцца носьбітамі традыцыйных хрысціянскіх каляндарных імёнаў, што прыйшлі ў беларускі іменаслоў з грэчаскай (Агаф’я (Гапа), Дзмітрый (Міцё), Еўдакія (Оўдзя), Мінай (Мінё),Паліна (Поля), Трахім (Трохім), Яўгенія (Ёўга), лацінскай (Клім, Матруна, Разалія (Рузя), Усціння (Юста), Ціт), старажытнаяўрэйскай (Ева, Гаўрыло, Назар, Сара) моў. Сярод традыцыйных онімаў вылучаюцца прапрыяльныя лексемы славянскага паходжання: Браніслава (Броня) і Вацлаў (Вацік). Мікалай Пашкевіч называе такія імёны рэдкаўжывальнымі. Аўтар адзначае: “Сёння частку рэдкаўжывальных імёнаў можна ўзнавіць толькі на падставе сямейных мянушак. Статус мянушкі набыло рэдкаўжывальнае асабовае імя Каленік (Каліна). Зараз нямногія рубельцы ведаюць, што мянушка Хіма паходзіць ад жаночага імя Яўхімія” [117, с. 155]. Брэсцкі пісьменік фіксуе сямейна-родавыя мянушкі аднавяскоўцаў, асновай якіх сталі ўжывальныя ў папярэдніх пакаленнях рубельцаў асабовыя імёны: Базыль (Васіль), Дзем’ян (Дзям’ян), Карп, Кірэй (Кір, Кір’ян), Купрыян, Вэр’ян (Авяр’ян), Сеня (Ксенія), Давід (Давыд).
На старонках твораў пісьменніка знаходзім шматлікія дыялектныя формы онімаў, якія перадаюць мясцовы каларыт: Зоня, Зыня, Зонька, Ладзё, Ладзік, Пэлё, Пэлік, Сцелё, Сцелько. Мікалай Пашкевіч умела рэалізуе ацэначна-характарыстычную ролю асабовых імёнаў, якія ў беларускай культуры ўжываюцца ў розных фармальных разнавіднасцях: поўнай (афіцыйнай, пашпартнай), гіпакарыстычнай і мностве эмацыйна афарбаваных формаў. Так, выкарыстанне складанай канструкцыі – спалучэння асабовага імені з іменем па бацьку (такія формы звароту, паводле меркавання даследчыкаў этыкету, прыйшлі ў беларускую мову з рускай) – сведчанне пашаны да чалавека, напрыклад: “Нямала было і тых, хто назаўсёды звязаў свой прафесійны шлях з Рубельскай школай. Віктар Макаравіч Кез, Вера Андрэеўна Красуцкая-Кез (заслужаная настаўніца БССР), Васіль Мікітавіч Антоненка, Іван Васільевіч і Ніна Пятроўна Максімовічы” [117, с. 30]. Паказчыкам прыязнасці і ветлівасці, спаконвечнага родавага адчування блізкасці землякоў з’яўляюцца ўжы-вальныя ў вясковым асяроддзі формы звароту “дзядзька”, “цётка”, “дзед”, “баба” + імя: “Задаволены тым, што змог уважыць просьбу без-дапаможнай жанчыны, Іван іранічна-паблажліва адказваў: «Дзякуй вам, цётка Ганна, што дапусцілі да работы»” [117, с. 42].
Дзякуючы гнуткасці, пластычнасці, здольнасці перадаваць тонкія нюансы чалавечых адносін, асабовае імя адыгрывае ў замалёўках вясковага жыцця важную ролю, з’ўляючыся носьбітам сацыяльна і асобасна значнай інфармацыі пра героя (паважаны чалавек у соцыуме ці не, малады ці сталага ўзросту), перадаючы багатую гаму эмоцый, пачуццяў, ацэнак: “Верэ, ты чуеш, Верочка, я цебэ прошу: накажыно там мойму Грышы, хай пэрэвэзэ мэнэ” [117, с. 19]; “А ты памятаеш Мішку? – ажывіўся мой даўні знаёмы. – Ён і так гаварун, а калі вып’е, то і ўвогуле, як кажуць, рот не закрываецца” [117, с. 43]; “Мая дзіцячая памяць зафіксавала тую трагедыю вяскоўцаў найперш таму, што загінула наша суседка Лексочка, яе дачка Каця і немаўля” [117, с. 43]; “Нязменным кантралёрам, які запускаў у залу гледачоў, быў дзядзька Косця, ці, як усе яго звалі, проста Косця” [117, с. 26]; “Дзякуй табе, Іваначка, за работу” [117, с. 42].
Праз актуалізацыю прагматычнай значнасці шматлікіх формаў асабовых імёнаў Мікалай Пашкевіч стварыў яркія замалёўкі жыцця аднавяскоўцаў, перадаў традыцыі іменавання, выразіў тонкія адценні ацэнак, эмоцый, пачуццяў, зафіксаваныя ў моўнай свядомасці беларусаў, адлюстраваў уласцівыя роднай гаворцы моўныя асаблівасці.
Мянушка – адзін з самых старажытных і цікавых складнікаў антрапанімічнай лексікі. Характарыстычная функцыя мянушак у сённяшнім грамадстве выходзіць на першы план. Праўда, часам і зараз неафіцыйнае празванне можа быць важным сродкам ідэнтыфікацыі чалавека. Мікалай Пашкевіч ва ўспамінах пра родную вёску адзначае: “Частотнасць аднастайных прозвішчаў прыводзіць да таго, што некаторыя вяскоўцы з’яўляюцца поўнымі цёзкамі. Раней, калі ў пераважнай большасці рубельцаў сем’і былі вялікія, часам і ў адным класе вучыліся поўныя або амаль поўныя цёзкі. Па гэтай прычыне даводзілася нумараваць школьнікаў, напрыклад: Вабішчэвіч Іван Іванавіч (1), Вабішчэвіч Іван Іванавіч (2). Найбольш распаўсюджанымі ў Рублі з’яўляюцца прозвішчы Агіевіч, Вабішчэвіч, Ляшкевіч, Машлякевіч, Пашкевіч. На бытавым узроўні звычайна мянушка дае магчымасць індывідуалізаваць асобу ці сям’ю: Вероччын Васіль, Дзенісоў Сцепан, Міколчын Міша, Яковіна Маня, Мінчына Зоня і інш.” [117, с. 159].
У асяроддзі вяскоўцаў вылучаюцца калектыўна-тэрытарыяльныя мянушкі – празванні жыхароў пэўнага населенага пункта. Ва ўспамінах Мікалая Пашкевіча прыводзіцца найменне-характарыстыка аднавяскоўцаў пісьменніка і акрэсліваецца яго матывацыя: “Згадваючы сваю вандроўку па Століншчыне, Уладзімір Караткевіч піша: «Рэдкія там вёскі, але, як кажуць, меткія. У вёсцы Рубель 1800 двароў – “Гэто ж наш Кітай” (мясцовы жарт)». Сапраўды, падчас майго дзяцінства і юнацтва нярэдка нас, рубельцаў, жыхары суседніх вёсак называлі кітайцамі” [117, с. 11].
Значную частку неафіцыйных празванняў вяскоўцаў займаюць сямейна-родавыя (генесіянімічныя) мянушкі. У іх ліку пісьменнік вылучае патронімы, базай утварэння якіх становяцца імёны продкаў па мужчынскай лініі: “Мянушка Пэтрыніные ўтворана ад імя Пэтро, Косцючковые – ад Костусь, Саўчыные – ад Сава. Такіх мянушак у рубельскай гаворцы параўнальна нямнога. Звычайна імі абазначаны род, які належыць да былой шляхты” [117, с. 186]. Словаўтваральнай базай матранімічных мянушак вяскоўцаў з’яўляюцца імёны продкаў па жаночай лініі, да якіх далучаюцца суфіксы -к-, -очк-, -ечк-: Верочка, Манька, Мар’ечка, Марынка, Паўлінка [117, с. 186]. М. Пашкевіч адзначае, што статус мянушкі атрымліваюць рэдкаўжывальныя імёны Ёўга, Прося, Тэкля, Рузя, Хіма, Юстына [117, с. 186].
Ацэначна-характарыстычную функцыю выконваюць індывідуальныя мянушкі, у якіх адлюстраваны ўяўленні вяскоўцаў аб нормах паводзінаў, ладзе жыцця, прыгажосці і інш. У першую тэматычную групу выдзелены мянушкі – замалёўкі знешнасці землякоў: Гурбочка, Кучко, Куцы, Лысы, Мэляўка, Покорпаны, Трубач, Стройны, Сыты, Цыган, Шнур, Бэзрукі, Глухі, Зубэль, Клішун, Кульпач, Носар, Почка, Сіпак, Слепцоў, Бусько, Ворончук, Вуташка, Драч, Пугач, Курка, Соловэй, Соўка, Вэчка, Кот, Кошка, Моркач, Осенчак, Воўк, Заец, Козлік, Лось [117, с. 185–186]. На ўнутраныя якасці індывідаў паказваюць наступныя мянушкі: Корпаец, Мазунец (ліслівец), Рэўкач, Срой (пра неўраўнаважанага чалавека), Сонда (санлівец), Стойковэц, Шпаркі. На сацыяльны, маёмасны статус, нацыя-
нальнасць, прафесію, становішча ў сям’і носьбіта празвання ці яго продкаў паказваюць мянушкі Багатыроў, Босякоў, Дранец, Король, Покіданка, Прымачок, Касір, Коваль, Морак, Музыкант, Мэлэчко, Панамар, Парті-
зан, Пісар, Поп, Прокурор, Сторожоў, Стрэлец, Шкуратнік. Аўтарскі кантэкст раскрывае матывацыю гаваркіх антрапонімаў: “Мянушка Воспан успрымаецца як напамін пра былую рубельскую шляхту. Вядома, што словы васпан і васпані служылі формай ветлівага звароту ў шляхецкім асяроддзі. Ці выкарыстоўвалася раней вяскоўцамі слова васпан як зваротак да асобы, цяпер цяжка сказаць. У гаворцы яно як акрамя мянушкі больш ніяк не выяўляецца” [117, с. 187]. Характарыстыкай маўлення вясковай жанчыны з’яўляецца мянушка Майнэрыха, аснова ўтварэння якой – дыялектнае слова: “У рубельскай гаворцы ўжываецца слова майна са значэннем ‘трава, якая расце на вадаёмах’. «Пойду нарву майны свінням» ці «Поўны кошэль майны прынэсла», – гаварыла вясковая жанчына. Пачутае некалькі разоў суседзямі рэдкаўжывальнае слова з вуснаў рублянкі прадвызначыла яе мянушку – Майнэрыха” [117, с. 188]. Ужыты ў творах М. Пашкевіча мянушкі-празванні паводле месца жыхарства вяскоўца. Так, у сялянскім асяроддзі прынята называць замужніх жанчын паводле вёскі, дзе яны жылі да замуства: “Дуброўчанка (ад назвы вёскі Дуброва), Вэлемічанка (ад – Вялемічы), Ольпенка (ад – Альпень), Хотомлянка (ад – Хотамель)” [117, с. 185].
З’яўляючыся найбольш старажытным разрадам антрапанімічнай лексікі, мянушкі працягваюць сваё жыццё ў асяроддзі сучасных вяскоўцаў, даючы ім магчымасць ярка абмаляваць найбольш кідкія рысы знешнасці чалавека, апісаць і ацаніць яго характар і маўленне, акрэсліць сваяцкія адносіны паміж людзьмі. А каштоўнасць сямейна-родавых (генесіяні-мічных) і калектыўна-тэрытарыяльных мянушак у тым, што яны захоўваюць інфармацыю аб гісторыі продкаў сям’і і жыхароў пэўнага населенага пункта.
Прозвішчы – гэта спадчынныя ўласныя назвы, якія ўказваюць на прыналежнасць чалавека да пэўнай сям’і, роду. У навукова-папулярных творах Мікалая Пашкевіча можна выдзеліць, па-першае, прозвішчы, утво-
раныя ад кананічных і размоўных формаў хрысціянскіх імён (Максімовіч, Пашкевіч, Агіевіч), па-другое, прозвішчы, што ўзніклі ад язычніцкіх празванняў-мянушак апелятыўнага паходжання (Красуцкая, Вабішчэвіч, Ляшкевіч, Машлякевіч, Кажаноўскі, Жалянгоўскі). Прозвішча – сацыяль-
на характарыстычная прапрыяльная адзінка, якая паказвае на становішча сям’і ў грамадскай іерархіі. Так, шляхецкія прозвішчы, як правіла, уключаюць суфіксы -віч-, -іч-, -ск-. У зборніку “У родным слове адгукаецца душа” Мікалай Пашкевіч прыгадвае прадстаўнікоў шляхецкіх родаў, што жылі ў роднай вёсцы, – Пашкевічаў, Апановічаў, Вабішчэвічаў, Жалянгоўскіх, Кажаноўскіх, Ліпскіх, Ляшкевічаў, Разановічаў.
Прозвішчы палешукоў – паказчык міжэтнічных кантактаў. Мікалай Міцковіч прыгадвае прозвішчы нашчадкаў венграў-воінаў, якіх прывёў у Рэч Паспалітую для барацьбы з Масковіяй трансільванскі князь Стэфан Баторый: Беняш, Бекеш, Барташук, Галаш, Мандра, Войнаш, Кендыш і інш. [108, с. 36]. Прыгадвае пісьменнік і палавецка-цюркскія прозвішчы (Баран, Канановіч, Кунашка), і антрапонімы, якія ўзыходзяць да адной з найстаражытнейшых цюркскіх моў – караімскай: Бама, Буза, Казей, Казыровіч і інш. [108, с. 35].
Рэалізуючы асветніцкую функцыю навукова-папулярнай літаратуры, сучасныя берасцейскія аўтары ўмела раскрываюць у кантэксце твораў этымалагічную семантыку тапонімаў, актуалізуючы сканцэнтраваную ў старажытных прапрыяльных адзінках інфармацыю аб гістарычным мі-нулым славянскіх плямёнаў. У ліку тапонімаў, якія ўваходзяць у ана-мастычную прастору навукова-папулярнай літаратуры пісьменнікаў Берасцейшчыны, можна вылучыць прапрыяльныя адзінкі, прагматычная зона семантыкі якіх захоўвае наступныя культурныя ўяўленні, якія складаюць аснову менталітэту славянскіх народаў. Кантэкст навукова-папулярнага твора актуалізуе нацыянальна-культурную інфармацыю тапонімаў. Гэта ўяўленні пра культ раслін і жывёл: “Волковичи – бывший хутор в Ленинском сельсовете Жабинковского района. Возможно, название кельтско-балтского происхождения, ср. лит. vilkas – волк. На балтийский корень указывает территориальная близость названий урочищ Волчий Брод (Viliskal Brasta), Волково, Волченисово, Волчин и др. Предположительно, в этих названиях запечатлено имя одного из проживавших в древности на территории Беларуси кельтских племён велетов (кельтск. Veltos), признававших культ волка” [108, с. 45]; “Культ змеи был очень развит как у прибалтов, так и у белорусов. Носителями культа змеев выступали этнические группы, предками которых были индоевропейцы. Возможно, они относились к кельто-балтской языковой группе. Связанные с культом змеи-кобры, они оставили свои следы не только в археологических вещественных источниках, но и в типичных топонимах-этнонимах: от личного имени Кобрунус до реки Кобринка (бассейн реки Западный Буг), сёл Кобравичи, Кобровцы, г. Кобрин. Столкновение и языковая смешанность разных народов, перевод старых названий на язык нового народа обусловили появление таких названий, как с. Змеевцы (Дятловский район), с. Змеевка (Жлобинский район). И даже река Горынь, приток Припяти, имеет статус змеи подземельной (горынской), несущей живую воду” [108, с. 105]. Шэраг тапонімаў ўтвораны ад назваў плямёнаў: “Пруска – деревня в Яковчицком сельсовете Жабинковского района. Название этнонимического происхождения от западно-балтийского народа – пруссов или немцев, насильственно германизировав-ших пруссов и ставших носителями этого этнонима” [108, с. 68]; “Найменні славянскіх плямёнаў, якія згадваюцца ў вышэйпамянёных аналах, дзіўным чынам адгукаюцца ў назвах шматлікіх беларускіх паселішчаў: лісічане – вёска Лісічы (Бярозаўскі раён), споры – вёска Спорава (Бярозаўскі раён), возера Споры (Пастаўскі раён); рачане – назвы Рэчыца, такія частыя на Беларусі; смаляне – назвы вёсак Смаляны ў Пружанскім і Аршанскім раёнах, Смалявічы і, нарэшце, Смаленск; драгавіты – Драгічын (сярэдневяковая назва – Драговічы); магіляне – Магілёў” [49, с. 45]; “Доўга обры (ваяўнічае племя, якое прыйшло з усходу) ваявалі са славянамі, але аднойчы згінулі, быццам ніколі іх не было. Засталіся ў памяці пра обраў толькі назвы вёсак: Абрына паблізу Целяханаў, Абровы на Іванаўшчыне, Аброўская вулька ў Івацэвіцкім раёне” [17, с. 30]. Выдзяляюцца тапонімы, утвораныя ад імёнаў князёў і валадароў населеных пунктаў, земляў, угоддзяў: “Давыд-Гарадок – горад у Столінскім раёне. Узнік на мяжы
XI–XII стагоддзяў (1100–1112 гг.). Названы ў гонар заснавальніка – валынскага князя Давыда Ігаравіча” [51, с. 109]; “Ёсць у лексіцы вёскі Рубель назва ўрочышчаў, утвораныя ад асабовых імёнаў: Іваночковэ, Косцючковэ. Гэтыя мікратапонімы захоўваюць памяць пра гаспадароў, якія некалі мелі і па-сялянску дбайна апрацоўвалі ўласную зямлю” [117, с. 167]. Некаторыя тапонімы адлюстроўваюць рэлігійныя вераванні славян і іх продкаў-арыйцаў: “Назву раённага цэнтра Карма і вёскі з аднайменнаю назвай у Добрушскім раёне на Гомельшчыне нам прасцей звязваць са знаёмым словам, якое азначае заднюю частку чаўна. Дакладна такое ж слова «карма» (толькі з націскам на першым складзе) існуе ў ведычнай міфалогіі і азначае матэрыяльную дзейнасць дзеля асалоды. А таксама вынікі такой дзейнасці. Ці выпадковае такое супадзенне?” [49, с. 274]; “Жаля і Гаруня – дзве сястры, дзве чорныя птушкі, вяшчункі бяды. Гаруня прыходзіла разам з горам, а Жаля спачувала і шкадавала гаротнікаў. Яны галасілі разам з плакальшчыцамі над памерлымі, прыносілі суцяшэнне ў жалобе і смутку. Засталіся на беларускай зямлі назвы, прысвечаныя ім: Гаруні, Гаруны, Гаруцітшкі, Жаліна, Жалы – вёскі ў Мінскай вобласці, Жаліўе, Жаляёўка – у Магілёўскай, Гаравішкі – у Гродзенскай. Магчыма, што і назва ракі Гарынь паходзіць ад Гаруні” [49, с. 279]. Тапонімы могуць утрымліваць інфармацыю пра гаспадарчую дзейнасць людзей: “Можно интерпретировать топоним «Мушкетно» на Жабинковщине как место, где татарами изготовлялись мушкели – дубинки, оправленные железом. Название «Корды» выводится от тюркского корд – ‘вид холодного оружия’” [108, с. 34]; “Назвай Волыня рубельцы абазначылі луг, дзе раней пасвілі валоў” [117, с. 167]; “Валынка – былое прадмесце Берасця, увайшла ў гарадскую рысу яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Гэта было рамесна-гандлёвае пасяленне на гандлёвым шляху з Валыні (адсюль паходзіць яго назва). Валынка – адно з найстаражытнейшых пасяленняў. Яе заснаванне датуецца ХІІІ стагоддзем, калі Берасце ўваходзіла ў склад Галіцка-Валынскага княства. Валынь, суседні з Берасцейшчынай рэгіён Украіны, сваёй назвай абавязана надзейнаму памочніку палешука – валу. Адна з вуліц даваеннага Брэста насіла назву Валовая сцежка (цяпер вуліца Салтыкова-Шчадрына)” [85, с. 130].
Некаторыя ўстарэлыя найменні, ужытыя ў кантэксце навукова-папулярнай літаратуры, адрозніваюцца ад сучасных назваў асаблівасцямі гучання і словаўтваральнымі афіксамі. Гэта фанетычныя і фанетыка-словаўтваральныя археонімы: Менск, Берасце, Гародня, Вільня, Коўна [17].
Гістарыёнімы з’яўляюцца найменнямі паняццяў, якія зніклі з жыцця соцыуму і з мовы. Напрыклад, у кантэксце твораў В. Купцовай і А. Суво-
рава, прысвечаных гісторыі Брэста, выкарыстоўваюцца назвы адміністра-
тыўных адзінак (Кобрынскае прадмесце горада Брэст-Літоўска, Косіцкая воласць Брэсцкага ўезда), органаў улады, палітычных партый Брэста (“Працоўная інтэлігенцыя”, “Паалей-Сіён”, “Блок чыгуначных саюзаў”, “Ісцінныя артадоксы”, “Дэмакратычны камітэт самакіра-
вання”, “Рабочае адзінства”, “Каталіцкі выбарчы камітэт”, “Нацыя-
нальнае аб’яднанне праваслаўных”, “Бунд”, “Навуковае таварыства дактароў”).
Важную ролю ў жыцці нашых продкаў і сучаснікаў адыгрывала і адыгрывае рэлігія. Таму ў тэкст навукова-папулярных твораў уводзяцца розныя разрады онімаў, якія звязаны з рэлігійным светапоглядам народаў, што насялялі Беларусь.
Так, сродкам адлюстравання значнасці хрысціянскай веры ў жыцці беларусаў з’яўляюцца шматлікія эклезіёнімы – назвы храмаў і манастыроў. У зборніку “Памяць нашае зямлі” Анатоль Бензярук распавядае пра помнікі духоўнай культуры сваёй малой радзімы – Жабінкаўшчыны. Гэта храмы, якія са старажытных часоў ратавалі душы людзей: Пакроўская царква ў Жабінцы, Азяцкая, Арэпіцкая, Вялікасяхновіцкая, Маціевіцкая, Сцяпанкаўская цэрквы ХVІ–ХІХ стагоддзяў, Свята-Мікіцкая царква ў Здзітаве, Спаса-Праабражэнскі храм у Хмелеве, храм у імя Уладзіміра Хрысціцеля ў колішніх Крупчыцах (цяпер – Чыжэўшчына) [17].
Расказваючы пра мінулае і сучаснасць Брэста, Андрэй Сувораў ужывае шматлікія найменні культавых збудаванняў: і тых, што зніклі (гістарыёнімы), і тых, у якіх і зараз вядзецца набажэнства: “Галоўныя будынкі старога горада, якія вызначалі яго нетрывіяльны твар, падчас будаўніцтва крэпасці зніклі зусім ці «растварыліся» ў новых аб’ектах. Касцёл манастыра спярша перабудавалі ў Фарны, затым у межах разгорнутай уладамі «праваславізацыі» яго зусім знеслі (у 1848 годзе). Былі знесены таксама ўніяцкія цэрквы Спаская, Святога Міхаіла і Святой Троіцы. Самы гучны гістарычны лёс сярод пабудоў старога Брэста ў Петрапаўлаўскай царквы. Уніяцкі храм пасля перабудовы ператварыўся ў Белы палац” [145, с. 102].
Лад жыцця нашых продкаў вызначаўся цыклам каляндарных свят, у якіх складаным чынам пераплятаюцца язычніцкія вераванні і хрысціянства. Аўтары навукова-папулярных твораў шырока выкарыстоўваюць геартонімы, суправаджаючы іх гістарычнымі і культуралагічнымі заўвагамі: “Старажытнае абрадавае свята Купалле славяне прымяркоўвалі да летняга сонцастаяння – часу найбольшага красавання і росквіту зямлі. Яно персаніфікавалася ў вобразах міфічных істот Купалы і Купалінкі. У выніку пазнейшых наслаенняў на язычніцкі абрад хрысціянскай традыцыі свята прывязалася да дня нараджэння Іаана Хрысціцеля. У народзе свята стала называцца Іванам Купалам. У гэты ж дзень святкавалі імяніны Святой Аграфены Купальніцы” [44, с. 12].
Берасцейскія аўтары пераканаўча паказалі: тапонімы, эклезіёнімыі геартонімы – культураносныя знакі, што захоўваюць каштоўную інфармацыю аб гісторыі славян і іншых народаў, якія насялялі і насяляюць Берасцейшчыну, аб характары гаспадарчай дзейнасці, асваенні прыроды.
Анамастыкон навукова-папулярных радзімазнаўчых твораў Мікалая Пашкевіча, Мікалая Міцковіча, Веры Емельяновіч, Зінаіды Дудзюк, Валянціны Купцовай і Андрэя Суворава мае агульнабеларускі нацыянальны характар. Шырока прадстаўлены ў анамастычнай прасторы прааналізаваных зборнікаў рэгіянальны кампанент. Ядром сістэмы асабовых імёнаў, адлюстраванай у творах, з’яўляецца хрысціянскі іменаслоў, асвоены нацыянальнай мовай і мясцовай гаворкай. Інфармацыйная нагрузка мянушак і прозвішчаў перадае асаблівасці ўспрымання і ацэнкі беларусамі-палешукамі знешнасці, маральных якасцей, паводзінаў асобы, сацыяльную структуру грамадства. Аўтары ўмела актуалізуюць прагматычную значнасць тапонімаў, эклезіёнімаў, эргонімаў і геартонімаў, адкрываючы чытачу каштоўныя звесткі аб матэрыяльнай і духоўнай культуры народаў, што жывуць на Палессі.
Аўтабіяграфія – літаратурны празаічны жанр, мастацкае апісанне аўтарам свайго жыцця, якое выяўляе ў падзеях, роздуме, перажываннях звязнасць і ўнутраны сэнс, прадстаўляе пражытае як аформленае цэлае. Аўтабіяграфія дапускае элемент выдумкі: аўтар нярэдка “дапісвае” ці “перапісвае” сваё жыццё [133, с. 15–17]. Аўтабіяграфічныя творы – важная крыніца ведаў не толькі пра жыццё пісьменніка, але і пра яго творчасць. У аўтабіяграфіі пісьменнік дае ацэнку сваім творам, расказвае пра рэальныя падзеі, пакладзеныя ў іх аснову, раскрывае творчыя задумы, нярэдка каментуе, тлумачыць свае творы. Ф. Лежэн дае наступнае азначэнне аўтабіяграфічнаму жанру: “гэта рэтраспектыўны празаічны аповед рэальнага чалавека, які расказвае пра ўласнае існаванне, робячы асаблівы акцэнт на гісторыі сваёй асобы” [86, с. 263].
Асноўнымі характарыстыкамі твораў аўтабіяграфічнай літаратуры (мемуарыстыкі, літаратуры ўспамінаў) з’яўляюцца: “наяўнасць адной эгацэнтрычнай свядомасці, якая складае ментальна-псіхалагічны і эмацыянальны цэнтр тэксту; трыадзінства «я», якое аб’ядноўвае ў сабе аўтара, апавядальніка і галоўнага героя; рэстраспектыва як прынцып руху часавага аповеду; устаноўка на сапраўднасць; прыналежнасць да духоўнай культуры грамадства” [136, с. 55]. Важна адзначыць, што пісьменнік не проста фіксуе пэўныя падзеі, але і шукае крытэрыі іх ацэнкі, у якасці якіх могуць выступаць не толькі ўласныя ўражанні і ўяўленні, але і пункты погляду іншых людзей, этычныя і эстэтычныя нормы, прынятыя ў соцыуме ў пэўны адрэзак часу.
Берасцейскія аўтары даўно і плённа працуюць у жанры аўтабіяграфічнай прозы. Давыд-Гарадок, Гарынь, столінскія вёскі і мястэчкі з іх адметнымі назвамі і людам сталі адвечнай крыніцай натхнення для Георгія Марчука. Хутар Забалацце на самым ускрайку Белавежскай пушчы – родны кут Васіля Жуковіча. З малой радзімай пісьменнікаў-берасцейцаў аб’ядноўвае не толькі тое, што тут жывуць іх крэўныя, што тут магілы продкаў, але і асяроддзе, людзі, якія сфарміравалі чалавечы і мастацкі свет творцаў. Раман “Кветкі правінцыі” Георгія Марчука і аповесць “Як адна вясна…” Васіля Жуковіча па праве можна лічыць самымі спавядальна шчырымі творамі пісьменнікаў. Аўтары праўдзіва расказваюць чытачу пра шлях свайго сталення – праз пакуты, праз страты блізкіх, праз глыбокі роздум над прызначэннем чалавека, праз пошукі адзінага і спрадвечнага закону людскога быцця. Творцы пішуць гісторыю Палесся, у большасці персанажаў іх твораў пазнаюцца землякі аўтараў – людзі з багатым духоўным светам і марай пра спакойнае заможнае жыццё на сваёй зямлі. “Пісьменнікі ствараюць палітру сусвету, убачанага вачыма Палешука. І гэтая палітра паўстае шматграннай і шматстайнай, як і жыццё Беларусі і свету” [171, с. 3]. Ажыўляючы далёкія постаці дзяцінства і юнацтва, Г. Марчук і В. Жуковіч умела выкарыстоўваюць вобразна-выяўленчыя магчымасці ўласных імёнаў.
Найгалоўнейшае месца ў анамастычнай прасторы мастацкага палатна належыць антрапонімам. Менавіта на іх прыпадае найбольшая сэнсавая і эмацыянальная нагрузка ў творы. Аналіз уласных асабовых імёнаў, выдзеленых з адзначаных твораў берасцейскіх аўтараў, паказаў, што яны рэалістычна падышлі да падбору найменняў сваіх герояў. Антрапонімы, выкарыстаныя ў творах Г. Марчука і В. Жуковіча, належаць да нацыянальнай беларускай іменаслоўнай сістэмы. У беларускай мове ХХ стагоддзя захавалася тэндэнцыя да большай разнастайнасці мужчынскіх імёнаў у параўнанні з жаночымі: мужчынскія прадстаўлены 72 прыкладамі, жаночыя – 31. Антрапанімікон прааналізаваных твораў на 98 % прадстаўлены запазычанымі імёнамі, якія ўвайшлі ў айчынны іменаслоў разам з прыняццем хрысціянства. Так, з грэчаскай мовы (51 % ад ужытых імёнаў) былі запазычаны імёны Аляксандр, Аляксей, Анастасія, Міфодзій, Цімох, Яўхім, Карп, Пётр, Яўлампій, Леанід, Анатоль, Васіль, Трыфан, Эдуард, Халімон, Герасім, Зося, Зінаіда, Ларыса, Яўген, Яўгенія, Таццяна, Алена, Мірон, Дзяніс, Анісім, Сцяпан, Андрэй, Лідзія, Кацярына, Хрысціна, Галіна і інш.; з лацінскай (каля 12 %) – Клаўдзія, Валянцін, Валянціна, Віктар, Сяргей і інш. Са старажытнаяўрэйскай (каля 26 %) у беларускі іменаслоў увайшлі імёны Іван, Яніна, Марыя, Іосіф, Міхаіл, Міхаліна, Гаўрыла, Сямён, Адам, Ілья, Якаў, Лізавета, Даніла, Фама, Саламон, Ганна і інш. Адзначаюцца імёны славянскага паходжання (2 %): Уладзімір, Глеб, Вячаслаў, Святлана, Людміла, Станіслаў і інш. Група імёнаў, запазычаных з іншых моў, складае 9 % ад агульнай колькасці імёнаў. Напрыклад, са старажытнаперсідскай мовы праз грэчаскую прыйшло імя Дар’я, са старажытнаскандынаўскай – Алег, Вольга, з егіпецкай – Сідар, з шумерскай – Ніна.
Усе зафіксаваныя ў творах Г. Марчука і В. Жуковіча антрапонімы можна падзяліць на дзве групы. Па-першае, гэта імёны, прозвішчы, псеўданімы рэальных асоб, па-другое, гэта імёны, мянушкі, прозвішчы герояў, створаных фантазіяй пісьменнікаў.
Прозвішчы, імёны, псеўданімы палітычных дзеячаў, пісьменнікаў, мысліцеляў, як адзначае В. Шур, выкарыстоўваюцца як сродак сацыяльнай тыпізацыі. “Яны дазваляюць надаць падзеям і фактам, што адлюстроў-
ваюцца ў творы, рысы праўдападобнасці, мастацкай пераканальнасці” [179, с. 25]. У аўтабіяграфічнай прозе берасцейскіх пісьменнікаў узнаўля-
юцца падзеі, што адбываюцца ў палескіх вёсках і мястэчках у пасляваен-
ныя дзесяцігоддзі. Сродкам адлюстравання гістарычнага каларыту з’яўля-
юцца імёны і прозвішчы кіраўнікоў савецкай дзяржавы Уладзіміра Ільіча Леніна і Сталіна, першага касманаўта ў свеце Юрыя Гагарына, пісьмен-
нікаў Яўгенія Еўтушэнкі, Якуба Коласа, Міхася Лынькова, Янкі Маўра, шахматыстаў Алёхіна і Капабланкі, рэжысёраў Бандарчука і Герасімава. Рэальныя дзеячы мінуўшчыны – гэта гістарычны “кантэкст” мастацкага палатна, жывое асяроддзе, найбольш выразны і праўдзівы фон дзеяння.
Аўтабіяграфічны твор уяўляе сабой карціну жыцця, пабачаную праз прызму ўласнага жыццёвага вопыту аўтара. Гэты вопыт накладвае адбітак на адносіны да жыцця, на характар успрымання свету. Уплываюць на светапогляд і творчасць пісьменніка блізкія, родныя людзі. Імёны родных (маці Марыі, бабы Насці, прабабы Таццяны) згадваюцца ў рамане Г. Марчука “Кветкі правінцыі”. Шматлікія даследчыкі анамастычнай лексікі характарызуюць уласнае імя як “гіпертрафіравана намінатыўную” (А. А. Рэфармацкі), “пазбаўленую значэння (семантыкі)” (М. І. Талстой) моўную адзінку, якая ўтрымлівае інфармацыю пра нацыянальную прыналежнасць і грамадскі статус асобы. Ужыванне імені на старонках мастацкага твора мадыфікуе як зместавую прыроду, так і функцыі онімаў. Літаратурныя ўласныя імёны (паэтонімы) не толькі сацыяльна і нацыянальна характарыстычныя, але і сэнсава напоўненыя і канатацыйна насычаныя моўныя адзінкі. Унутраная форма імёнаў можа ўтрымліваць важную інфармацыю пра літаратурнага персанажа. Зразумела, не кожны чытач задумваецца над этымалогіяй імені героя, між тым, этымалагічная семантыка антрапоніма дазваляе раскрыць важныя грані мастацкага вобраза.
Імя маці галоўнага героя рамана “Кветкі правінцыі” Марыя паходзіць з яўрэйскай мовы і азначае ‘выратавальная, цудоўная’ [133, с. 258]. Марыя – імя Божай маці, прападобнай Марыі Егіпецкай, Марыі Магдаліны. Семантыка зараджанага станоўчай энергіяй імені адпавядае характару гераіні. Чыстым, “Божым” чалавекам з’яўляецца Адасёва маці: “Сэрца твая маці мела анёла” [102, с. 234]. Апісанне ўнутранага свету і трагічнага лёсу гераіні напаўняе імя станоўчай экспрэсіяй. Так, Марыя шануе бацькоў, адмаўляецца, выконваючы волю маці, ад каханага. Жанчына вельмі любіць сына. Гераіня саступае выгаднае месца працы дзяўчыне-сіраце, балюча перажывае, што купля зруба праз збег неспрыяльных абставін прыносіць няшчасце іншым людзям. Такому сумленнаму чалавеку з абвостраным пачуццём адказнасці і віны за свае ўчынкі цяжка жыць на гэтым свеце. Магчыма, горкі ўласны вопыт Г. Марчука (маці пісьменніка Марыя скончыла жыццё самагубствам) з’явіўся прычынай таго, што жаночыя персанажы з трагічным лёсам носяць у творах аўтара імя Марыя. Гэта Маня Лятун з рамана “Крык на хутары”, якая, ахвяруючы жыццём, ратуе гонар маладзенькай сястры. Гэта і Марыя Жураўлёва з рамана “Сава Дым і яго палюбоўніцы”, якая не можа жыць у атмасферы падману і здрады і таму спрабуе скончыць жыццё самагубствам.
Дзякуючы гнуткасці, пластычнасці, асабовае імя ў нашай мове набывае статус своеасаблівага пасведчання нацыянальнасці, узросту, веравызнання асобы. Варыянты імені з’яўляюцца паказчыкамі значнасці, аўтарытэту, вагі чалавека ў грамадстве. Відазмяненні онімаў перадаюць тонкія нюансы чалавечых стасункаў. Г. Марчук і В. Жуковіч умела выкарыстоўваюць у сваіх творах прагматычны патэнцыял антрапонімаў і іх шматлікіх форм. У творах пісьменнікаў знаходзім багаты россып марфалагічных, лексічных і фанетычных варыянтаў імён, напрыклад: Марыя – Маня – Манечка, Ларыса – Лора, Трыфан – Ціфан, Іван – Іванко – Янка – Янэк, Іосіф – Юзаф, Адам – Адась – Адасік, Даша – Дашачка (Г. Марчук. Кветкі правінцыі); Міша – Міхась – Мішка, Валодзя – Валодзька – Валодзечка, Восіп – Юзік, Яўгеня – Яўгенька, Любка – Любачка, Мар’я – Марыська – Марысечка, Віктар – Віця – Віцечка і інш. (В. Жуковіч. Як адна вясна).
Героі мастацкіх палотнаў Г. Марчука і В. Жуковіча – жыхары Давыд-Гарадка, Століна, Забалацця, палескіх вёсак і мястэчак. Таму натуральна і арганічна ўплятаюцца ў моўную тканіну твораў пісьменнікаў формы імён, якія адлюстроўваюць рысы народна-дыялектнай мовы: оканне (Олена, Юрко, Міхалко, Іванко), замену гука [ф] гукам [п] (Прося), гукам [х] (Халімон), наяўнасць прыстаўнога [в] (Вулляна), прыстаўнога [г] (Гэля). Вельмі многа ў прааналізаваных творах пісьменнікаў форм клічнага склону антрапонімаў. Гэтыя формы шырока выкарыстоўваюцца ў палескіх гавор-ках. З іх дапамогай перадаецца багатая палітра эмоцый і пачуццяў: ласка, спагада, пяшчота, здзіўленне і інш., напрыклад: “Шчо Бог дасць, Якаўко, шчо Бог дасць”, – адказвала па-ранейшаму баба Насця [102, с. 80];
“– Насцё, калі памру, пойдзеш дажываць век, як пайшла да Мірона Гуня на Прасарэддзі?” [102, с. 127]; “Ведаеш, Міроне, – хвалявалася маці, – заяву падаць лёгка” [54, с. 165]; “Адасё! О дзякуй Богу, трохі пакруглеў з твару!” [102, с. 200]; “Не, от мне, Карпе, скажы напачатку, як у калхозу?” – раптам пра нешта ўспомніўшы, перабіў дзед” [102, с. 72]. Падобныя формы імён – адзін са сродкаў стварэння вясковага каларыту ў творах пісьменнікаў.
Імя здаўна служыла сведчаннем статусу чалавека ў грамадстве. Так, да аб’яднання Заходняй Беларусі з Савецкім Саюзам формай звароту да суразмоўніка і сродкам выказвання павагі да прадстаўнікоў шляхты (нават да тых, якія не мелі ні багацця, ні высокіх пасад і нічым не адрозніваліся ад звычайных сялян) было спалучэнне імёнаў з паказчыкамі сацыяльнага рангавання. Гэтая традыцыя захоўвалася і ў савецкі час. Інфармацыю пра ўжыванне традыцыйных форм звароту да шляхцічаў дае дыялог персанажаў рамана Г. Марчука “Без ангелаў”: “Што вас тут у саракавым не раскулачвалі? Пан Стась, пан Адолік, пан Вінцусь… Адны паны”. – “У нас такая завядзёнка: што шляхцюк, то і пан, а шляхта на сваім гародзе ровен ваяводзе. Гэта цяпер зброю пазабіралі, а раней мой бацька, дзед гной будуць з хлява на воз кідаць, а пры шаблі на баку, як мае быць… На сеймікі ў Гродна ездзілі… тады людзей паважалі” [98, с. 60]. Знаходзім такія формы іменавання і ў рамане “Кветкі правінцыі”: “Мураваны дом са шкляным дахам пасярэдзіне – гэта рэзідэнцыя мясцовага фатографа, старога пана Зубэя” [102, с. 9]; “Суседка перадала, што пані Зося ўсё яшчэ ў магазіне” [102, с. 232]. Праўда, у савецкія часы такія формы наймення выцясняліся з ужытку іншымі этыкетнымі формуламі.
У творах пісьменнікаў па-майстэрску выкарыстаны стылістычныя магчымасці асабовых імён з іх багаццем афіцыйных і неафіцыйных эмацыянальна афарбаваных варыянтаў. Праз ужыванне гэтых варыянтаў онімаў пісьменнікі перадаюць найтанчэйшыя адценні ўзаемаадносін ге-рояў. Выкарыстанне кожнай формы імені абумоўлена прагматычным кантэкстам. Такі кантэкст вызначаецца сацыяльным статусам носьбіта імені, а таксама характарам і танальнасцю адносін героя з іншымі людзьмі.
Так, паказчыкам павагі да чалавека, а таксама сведчаннем афіцыйнасці ўзаемаадносін з’яўляецца ўжыванне ў дачыненні да асобы поўнай формы імені ў спалучэнні з іменем па бацьку. Імя па бацьку, або патронім, узыходзіць да старажытнага наймення, якім называлі чалавека па імёнах яго продкаў па мужчынскай лініі. Даследчыкі этыкету адзначаюць, што “на Беларусі імёны па бацьку на -віч – з’ява досыць позняя і з’явіліся яны пад уплывам рускай мовы” [142, с. 39]. Напрыклад, у рамане “Кветкі правінцыі” афіцыйныя формы наймення асобы “імя + імя па бацьку” ўжываюцца толькі ў дачыненні да прадстаўнікоў адміністрацыі (сакратара Давыд-Гарадоцкага райкома партыі Аляксея Аляксеевіча Крутаярава), у адносінах да паважаных у гарадку людзей (дактароў Ільі Ільіча і Вячаслава Ігнатавіча). У аповесці “Як адна вясна” падобныя формы зваротувыкарыстоўваюцца ў дачыненні да настаўнікаў – Зінаіды Язэпаўны Русіновіч, Леаніда Мяфодзіевіча Крыжановіча, Валянціна Фёдаравіча Камінскага, а таксама рэдактара абласной газеты Аляксандра Трыфанавіча Калайчыца. Выразным характарыстычным сродкам найменне “імя + імя па бацьку” выступае тады, калі такая намінацыя з’яўляецца адзінай у адносінах да пэўнай асобы. У такім выпадку найменне падкрэслівае выключнасць чалавека, яго неардынарнасць, прызнаную людзьмі. Толькі поўнай формай імені ў спалучэнні з іменем па бацьку называецца давыд-гарадоцкі мастак: “Глеб Іванавіч распісваў у цэрквах алтары, пісаў іконы святых мучанікаў… Ён быў адзіны мастак на гарадок і знаў сабе цану, хоць і ніколі сваім талентам не хваліўся… Калі выпадала Глебу Іванавічу ўпрыгожваць дзе-небудзь на вёсцы старую царкву, згаджаўся з вялікай ахвотай і за невялікія грошы” [102, с. 91]. Персанаж Г. Марчука – не толькі таленавіты, але і добры, спагадлівы, чулы чалавек. Са спачуваннем і ўвагай ён ставіцца да сіраты Адася, да старых дзеда Цімоха і бабы Насці, да ўдавы Сарокі, якая праз беднасць вымушана красці дровы ў суседзяў.
Айцец Павел Фларэнскі пісаў: “Імёны гнуткія і ёмістыя, здольныя змясціць самыя розныя абставіны, у якіх жыве асоба“ [162, с. 190]. Дыяпазон пачуццяў, што выражаюцца з дапамогай шматлікіх формаў імёнаў, вельмі шырокі. Гэта пяшчота, сяброўская фамільярнасць, насмешка, іронія, спачуванне. У маўленні персанажаў аўтабіяграфічнай прозы берасцейскіх аўтараў шырока ўжываюцца формы суб’ектыўнай ацэнкі імёнаў. Утвараюцца гэтыя формы з дапамогай суфіксаў -к-, -аньк-, -цусь-, -ачк-, -ук-, -юк-, -чук-, -ік- і інш. Успрыманне экспрэсіўнай афарбоўкі формы імені залежыць ад узросту, паводзінаў носьбіта імені, аўтарскіх адносінаў да героя. У творах пісьменнікаў-берасцейцаў адлюстравана народная традыцыя называць дзяцей і падлеткаў формамі, якія выражаюць ласку і пяшчоту, напрыклад: “А Любка заснула?” – “Любачка ўжо спіць” [54, с. 185]; “Валодзечка, бацік!” [54, с. 184]. Розныя эмацыйна-ацэначныя адценні маюць памяншальна-ласкальныя формы імёнаў, ужытыя ў адносінах да дарослых людзей. Найболей насычаны пачуццямі любові і захаплення імёны каханых: “Якое харошае імя – Надзечка!” [54, с. 232]; “Неяк нечакана мяне прывабіла Марыська, якое доўгі час не прыкмячаў” [54, с. 20].
Формай Лісанька выражаецца спагада і сімпатыя да ўвішнай і спрытнай старой жанчыны: “Лізавета, дзед на яе казаў Лісанька, была маладзейшая за маю бабу. Калі ў Насці на твары было трыццаць тры маршчыны, у Лісаветы – на адну больш, калі Насця ведала сто прыказак, Лісавета – сто адну, калі мая баба ў адказ дзесяць слоў, Лісавета – сто” [102, с. 45].
У творах Г. Марчука і В. Жуковіча адлюстравана традыцыя ўжывання ў народнай мове форм суб’ектыўнай ацэнкі імён у намінатыўнай функцыі, у якасці нейтральных найменняў людзей, напрыклад: “У такія мінуты цётка Волька не магла не ўспомніць свайго Восіпа, які падарваўся на супрацьтанкавай міне” [54, с. 42]; “Янэк у ваш род пайшоў, Адась” [54, с. 231]. Эмацыйна-ацэначнымі гэтыя варыянты імёнаў можна назваць толькі ўмоўна. Ацэначныя фарманты ў іх складзе выкарыстоўваюцца ў якасці дыферэнцыяльных сродкаў адрознення асобаў, якія носяць адно і тое імя. Так, маленькі сын галоўнага героя рамана “Кветкі правінцыі” завецца Янкам, а стары чалавек, муж бабы Лісаветы – Іванкам.
Паслядоўнае ўжыванне ў мастацкіх творах розных варыянтаў імені героя выконвае функцыю перадачы дынамікі вобраза. Так, чытаючы аповесць “Як адна вясна”, мы назіраем за лёсам вясковага хлопца Валодзькі. Герой уступае ў новы этап свайго жыцця, становячыся школьнікам, што суправаджаецца набыццём новай формы імені: “«Ра-жэвіч Уладзімір», – выразна вымаўляе Іван Іванавіч. «Уладзімір» – так мяне ніхто дагэтуль не называў. Звалі ўсе іначай: Воўка, Валодзька, Валодзя. Я ўстаю, сэрца маё пырхае, як верабейка” [54,с. 77].
Шырокі дыяпазон варыянтаў уласных асабовых імёнаў з’яўляецца сродкам стварэння нацыянальнага і рэгіянальнага каларыту, інструментам перадачы тонкіх адценняў эмоцый і пачуццяў персанажаў, спосабам выражэння характару і танальнасці людскіх узаемаадносінаў.
Cродак абмалёўкі персанажаў – прозвішчы-паэтонімы. Як вядома, антрапанімічная прастора мастацкага твора – гэта адлюстраванне антрапа-
німікону пэўнай мовы. У іменаслове беларускай мовы ХХ стагоддзя
можна выдзеліць, па-першае, прозвішчы, утвораныя ад каляндарных імён,
па-другое, прозвішчы, што ўзніклі ад мірскіх імён апелятыўнага пахо-
джання. Гэтыя групы прозвішчаў ужываюцца на старонках прозы берасцейскіх аўтараў. Прозвішчы першай групы ўтвораны галоўным чынам пры дапамозе суфіксаў -ов -, -эц -, -ёнак-, -ук-, -юк-, -цук-, -ык- і інш.: Іванова, Макарэц, Паўлёнак, Паўловіч, Семянюк, Ціханчук, Грыцук, Савічык і інш.
Прозвішчы другой групы ўтварыліся ад апелятываў як лексіка-семантычным спосабам (Біржа, Верабей, Шуляк), так і з дапамогай роз-
ных суфіксаў (Есаўленка, Літвінава). У аснове гэтых антрапонімаў ляжаць былыя мянушкі адапелятыўнага паходжання: 1) празванні-характарыстыкі чалавека па знешнім выглядзе і фізічных уласцівасцях: Лысюк, Астра-
ухаў; 2) мянушкі, якія акрэсліваюць маральныя якасці асобы, становішча чалавека ў грамадстве, род заняткаў, нацыянальнасць: Шурыга ‘нягоднік, круцель, ашуканец, шалапут’ [18, с. 484], Каралюк, Казачонак, Краўчук, Ткач, Есаўленка, Гасцюшкін, Русіновіч, Літвінава; 3) найменні, утвора-
ныя ад назваў прадметаў матэрыяльнай культуры, страў, паселішчаў, пабудоў: Корж, Кіцель, Тачыла, Макаўка, Біржа; 4) мянушкі, утвораныя ад назваў раслін, жывёл, насякомых, птушак і іх частак: Канаплёў, Бурач-
коўская, Бабёр, Зайко, Сарока, Верабей, Шуляк, Галубовіч, Хрушч, Пухоўскі. Асобна вылучым групу прозвішчаў тапанімічнага паходжання, утвораных суфіксальным спосабам: Стараселец, Верхавец, Камінскі, Асколка (продкі героя – выхадцы са Старога Аскола).
Адметнай рысай антрапанімікону аўтабіяграфічнай прозы з’яўляецца выкарыстанне рэальных прозвішчаў блізкіх пісьменнікам людзей. Так, на старонках рамана “Кветкі правінцыі” можна знайсці аўтарскае тлумачэнне паходжання прозвішча сям’і дзеда пісьменніка – Асколка: “Нехта казаў мне, што продкі майго дзеда Цімоха вазілі разам з купцамі соль і хлеб. Мелі далёкіх сваякоў у Старым Асколе на Русі” [102, с. 18].
У аўтабіяграфічнай аповесці Васіля Жуковіча выкарыстаны прыём трансфармацыі прозвішчаў рэальных асобаў. Так, у прозвішчы добрага, спагадлівага, але строгага куратара Андрэя Андрэевіча Каленіка, які стаў для студэнтаў сапраўдным Настаўнікам не толькі літаратуры, але і Жыцця, угадваецца прозвішча Уладзіміра Андрэевіча Калесніка. Як апісанне знешнасці, так і згадкі пра заняткі выкладчыка падказваюць, што прататыпам персанажа аповесці з’яўляецца вядомы берасцейскі літаратуразнаўца і педагог: “Глыбокія залысіны, хударлявы твар, засяроджаны позірк рабілі яго чымсьці падобным да саракагадовага Якуба Коласа. Прыгожую – палоскамі – кашулю ён насіў па-юнацку наросхрыст, выкладваючы буйны шырокі каўнер на пінжак. Гаварыў куратар ціхім голасам – напэўна, таму, што дужа ўнікнёна слухаў і глядзеў. Яго карыя вочы, здавалася, бачылі цябе наскрозь” [54, с. 226–227]. Таленавіты выкладчык шчодра дзяліўся са студэнтамі глыбокімі ведамі і прывіваў ім любоў да літаратуры. Прозвішча выкладчыцы рускага фальклору, прынцыповага партыйца Яніны Францаўны Бяляўскай утворана шляхам падбору асновы з антанімічным значэннем да прозвішча прататыпа персанажа твора – выкладчыка Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута Ядвігі Антонаўны Чарняўскай.
Прозвішчы ў літаратуры не столькі ідэнтыфікуюць, колькі характарызуюць, ацэньваюць, выражаюць эмоцыі і пачуцці аўтара і герояў. У прозвішчах адлюстроўваецца бачанне пісьменнікам сваіх персанажаў, іх характару, дзеянняў, учынкаў. Гэтыя тыпы антрапонімаў дапамагаюць асэнсаваць сутнасць створаных пісьменнікамі вобразаў і глыбей зразумець ідэйную задуму аўтараў. Большасць прозвішчаў герояў аўтабіяграфічнай прозы пісьменнікаў-берасцейцаў адносіцца да ліку ўскоснагаваркіх. Дэфінітыўная сутнасць гэтых паэтонімаўраскрываецца ў кантэксце, які стварае разгорнутае ўяўленне пра носьбітаў онімаў гэтага тыпу. Значнасць ускоснагаваркіх прозвішчаў спасцігаецца праз асэнсаванне мастацкіх характараў, створаных пісьменнікамі.
Прыкладам ускоснагаваркога оніма з’яўляецца прозвішча галоўнага героя рамана “Кветкі правінцыі” Доля. У аснове прозвішча – назва аднаго з найстаражытнейшых уяўленняў-персаніфікацый, што міфалагічным спосабам тлумачыць прадвызначанасць чалавечага лёсу. Жыццё Адася Долі цяжкае, поўнае розных выпрабаванняў, перашкод, на шляху хлопца больш страт, слёз, нягод, чым радасці, смеху. Часам Адасю здавалася, што чалавек нічога не можа змяніць у сваім жыцці: “Мо сапраўды я няўдачнік. Бывае такое… Воўк расказваў, не пад той зоркай народзішся і ўвесь час гібееш, пакуль душа твая знойдзе новы прытулак, калі міне багата часу” [102, с. 57]. Аля спакваля, прайшоўшы шлях расчараванняў і пакут, герой упэўніваецца, што, хоць чалавечая доля сапраўды прадвызначана, кожны можа напоўніць сваё жыццё глыбокім сэнсам і праз гэта адчуць сябе шчаслівым. Сэнс чалавечага жыцця – у адказнасці і любові да чалавека, які побач, і гэтая любоў перамагае смерць. “Кожны чалавек мусіць цярпліва змагацца за жыццё, усведамляць адказнасць за яго, за дзяцей, за род свой. Жыццё бясконцае, няхай шчасціць жывым, і няхай яны поўняць сваёй непаўторнасцю новыя кнігі. Трэба знайсці ў сабе сілы і смеласць насіць у сабе мінулае, і яно дапаможа не баяцца смерці. Avevita!” [102, с. 258].
Унутраную пустату, бездухоўнасць героя рамана “Кветкі правінцыі” Кірыла Булькі адцяняе яго прозвішча. З першага погляду Булька здаецца цікавым чалавекам, які выдзяляецца сярод аднагодкаў багатымі і рознабаковымі ведамі. Адась Доля адзначае: “Я заўважыў, яму падабаецца быць на віду, няхай праз момант авантурыстычнасці падтрымліваць цікавасць да сваёй асобы” [102, с. 114]. Але нішто не можа схаваць духоўнай пустаты героя, які жыве паводле прынцыпу: “Браць ад кожнага дня для сябе і толькі для сябе ўсё, што магчыма” [102, с. 120]. Булька не здольны кахаць жанчыну, дапамагчы сябру, зразумець і падтрымаць землякоў. Каб зрабіць кар’еру, Кірыл піша фельетон пра давыд-гарадчукоў, трактуючы прадпрымальніцкую ініцыятыву палешукоў як спекуляцыю, што падрывае асновы сацыялістычнай гаспадаркі. Пасля больш блізкага знаёмства з Булькам Адась усведамляе: “Булька адносіцца да тых людзей, ад сустрэч з якімі душа не поўніцца мёдам надзей, жыццялюбствам. У мяне заўсёды псуецца настрой ад сустрэч з імі. Бы тваю душу вымазалі атрутай. Ты ўсё больш і сам пачынаеш ненавідзець людзей, зайздросціць кожнаму. Ягоны так ладна абгрунтаваны цынізм уплывае і на тваю свядомасць. З яго натурай можна і бацьку роднага прадаць, абы ўзвысіцца, стаць прыкметным, каб адзначылі, заўважылі, каб хутчэй даперці да карыта з грашыма і паціху цягнуць адтуль, хітра прыстасоўваючыся” [102, с. 244]. Сярод сродкаў, што выяўляюць пыху, фанабэрыю героя, за якімі хаваецца духоўнае ўбоства і пустата, можна адзначыць і характарыстычнае прозвішча Булька.
Адзін са шляхоў узнікнення ўскоснагаваркіх прозвішчаў – метафары-зацыя. Г. Марчук утварае антрапонімы лексіка-семантычным або марфа-лагічным (суфіксальным) спосабам ад апелятываў, метафарычныя значэнні якіх з’яўляюцца ацэначнай характарыстыкай пэўных якасцяў асобы. Сутнасць такіх метафар – у свядомым зруху ў таксаноміі аб’ектаў. “Метафара накладвае вобраз, сфарміраваны адносна аднаго класа аб’ектаў, да прадстаўнікоў другога класа: вобраз ваўка – да чалавека, вобраз будынка – да грамадства” [4, с. 153]. Метафары жывёла (птушка) → чалавек маюць ацэначнае значэнне. Хоць самі назвы жывёл і птушак ацэнкі не ўтрымліваюць, але адпаведныя прыметы жывых істот, калі яны прыпісваюцца асобе, набываюць ацэначны сэнс.
Насычана семантычнымі нюансамі прозвішча Бабёр, якое належыць герою рамана “Кветкі правінцыі”. У беларускай міфалогіі бабёр – жывёла, якая сімвалізуе багацце, дабрабыт [15, с. 35]. Вобраз працавітага, дбайнага гаспадара асацыятыўна звязваецца з вобразам звярка, асноўны інстынкт якога – будаваць, назапашваць. “Прырода надзяліла Бабра шырокім розумам, хуткай кемлівасцю і ўменнем прадбачыць заўтрашні дзень… Жыццёвы вопыт меў велізарны. Яшчэ ў маладыя гады пры Польшчы змяніў не адну прафесію. Бабёр умеў і мог даць талковую параду бондару, шаўцу, рымару, сталяру, пекару. Сам ён вэндзіў самыя смачныя каўбасы, разводзіў індыкоў і рабіў някіслае яблычнае, вінаграднае, слівавае віно. У Бабра можна было купіць усё: іголку, брытву, лязо, цялё, індыка, скуры, хамуты, швейную машыну, лямпачкі і нават дровы. Ён быў на рэдкасць дбайны гаспадар. Усё збіраў на падворку: пасудзіну, матузкі, старую папругу, драцяныя кручкі ці вобад ад ровара” [102, с. 85]. Прозвішча дае персанажу адабральную характарыстыку.
У рамане “Кветкі правінцыі”, у якім апісваецца жыццёвы шлях мала-
дога творцы Адася Долі, сустракаем яго псеўданім. “З неахвотай я пісаў у раёнку «Навіны Палесся» інфармацыі пра нашы канцэрты, пра паліт-
заняткі і лекцыі ў вясковых клубах, пра агляды мастацкай самадзейнасці. Схаваўся за псеўданімам А. Побач” [102, с. 179]. Ужыванне маладым пісьменнікам псеўданіма – не толькі даніна традыцыі, якая бытуе ў колах творчай інтэлігенцыі. Гэта і паказчык таго, што ў нелюбімую справу (напісанне шаблонных артыкулаў) Адась не ўкладвае душу. У стандартных газетных допісах няма сапраўднага чалавечага і пісьменніцкага “я” Долі. Гэта не творчасць, а яе бачнасць (тое, што побач з ёй).
Прозвішчы і псеўданімы літаратурных персанажаў дазваляюць пісьменніку не толькі ахарактарызаваць і ацаніць герояў, але выказаць адносіны да жыццёвага факта, падзеі, з’явы.
Выразную культурна-гістарычную спецыфіку мае такі разрад антрапанімічнай лексікі, як мянушкі – дадатковыя неафіцыйныя імёны, якія даюцца чалавеку ў адпаведнасці з яго характэрнымі рысамі, абставінамі жыцця, паводле паходжання і інш. Ацэначна-характарыстычныя празванні ў кантэксце мастацкіх твораў з’яўляюцца сродкам абмалёўкі не толькі носьбітаў мянушак, але і соцыуму, у якім ужываюцца такія формы найменняў. Найчасцей гэта асяроддзе вяскоўцаў, дзе людзі не так строга прытрымліваюцца этыкетных нормаў, дзе прынята адкрыта, востра, трапна, а часам і крыўдна ацэньваць чалавека. У вёсцы мянушка – важны сродак ідэнтыфікацыі чалавека, часам больш ужывальны і вядомы, чым прозвішча. Паказальным у гэтым сэнсе з’яўляецца жыццёвы эпізод, апісаны ў аповесці В. Жуковіча “Як адна вясна”. Хлопчык, прыйшоўшы ў першы клас, падчас пераклічкі вучняў упершыню чуе прозвішчы аднавяскоўцаў, больш вядомых яму па імёнах і мянушках: “Найперш настаўнік назваў Міронавага (Чушбавага) Андрэя, затым – Вольчынага (Адэсішынага) Толіка, затым Саламонішынага (Канакрадавага) Лёньку. Цяпер я ведаю іх прозвішчы: Андрэева – Казлюк, Толікава – Каралюк, Лёнькава – Мацкевіч” [54, с. 77].
У прааналізаваных творах выяўлена 35 мянушак. З глыбокай старажытнасці да нашага часу ў асяроддзі вяскоўцаў шырока ўжываюцца так званыя сямейна-родавыя мянушкі. Такія празванні, як адзін са сродкаў перадачы вясковага каларыту, выкарыстоўваюцца берасцейскімі аўтарамі, напрыклад: “«Ты – Зорачка», – спакваля, непрыкметна пачаў заядацца Лёнька. Ён назваў маю мянушку, якая прыйшла ў маю сям’ю яшчэ ад набожчыцы-бабулі Хрысціны. «Зорачка» – так аднолькава ласкава звярталася яна да ўсіх, так клікала малога і старога, цётку і дзядзьку, сваіх і чужых – усе былі роўныя перад гэтым звароткам. «А ты – Канакрад! Ага!» – не адступаў я. Канакрадам Лёнька, вядома, ніколі не быў. Нават ні бацька ягоны, ні дзед не кралі коней. Але прадзед, кажуць, злодзей быў зухаваты” [54, с. 15].
Утваральнай базай для сямейна-родавых празванняў служылі імёны, прозвішчы, мянушкі роднасных асоб (бацькі, дзеда, бабулі, жонкі, мужа). У ліку такіх мянушак выдзяляюць патронімы – назвы людзей, утвораныя ад імені, прозвішча, мянушкі бацькі: “З Міронавым Андрэем мы ішлі да Лёнькі” [54, с. 80]; “А чаму Чужбаў Андрэй ніколі не пазычае?” [54, с. 61]. Дзеці могуць называцца матронімам – празваннем, утвораным ад імені або мянушкі маці. “Нам перашкодзіла Ветрышына Валька” [54, с. 14]; “А вось і яны, мае мілыя сябры дзяцінства: Лёнька Саламонішын, Андрэй Міронаў і Толік Вольчын” [54, с. 7]. Ужывальнымі з’яўляюцца і андронімы – найменні жонкі, утвораныя ад імені, прозвішча ці мянушкі мужа: “Мая маці таксама, як і нашы суседзі – Ветрыха і Саламоніха, як і шмат хто яшчэ, сыходзіла з хаты” [54, с. 136]; “Адэсіха і Цыганіха, Жыгалавых суседка, уселіся на лаўцы каля самае печы” [54, с. 39]; “У Чужбавай хаце былі адно Мірончыха і Андрэй” [54, с. 59]; “Ён меў жонку, нейкую Кукаліху, непрыкметную на выгляд, але незласлівую, з ціхім норавам” [102, с. 39]; “Можна пайсці аж да Бесарабіхі і там папіць вады з іхняга калодзежа. Самай смачнай на ўсю Аселіцу” [102, с. 11].
Адной з галоўных мэт маўленчай дзейнасці з’яўляецца выражэнне адносін чалавека да навакольнага свету і іншых людзей. Моўцу важна не толькі ідэнтыфікаваць індывіда, але і акцэнтаваць увагу на яго якасцях, ацаніць яго. Гэтыя задачы і выконваюць неафіцыйныя ацэначна-характа-рыстычныя найменні – мянушкі. У функцыянаванні ў сучасным грамад-стве імён, імён па бацьку, прозвішчаў асноўнай з’яўляецца тэндэнцыя да “сцірання” ўнутранай формы онімаў. Мянушкі ў супрацьлегласць назва-ным відам антрапонімаў сумяшчаюць з намінатыўнай функцыяй функцыю характарыстыкі і ацэнкі, якая рэалізуецца дзякуючы празрыстай унутранай форме мянушкі.
Паводле прымет, якія становяцца асновай ацэначна-характарыстыч-най намінацыі, можна выдзеліць наступныя тэматычныя групы мянушак, ужытых у творах Г. Марчука і В. Жуковіча.
Самымі яркімі, вобразнымі з’яўляюцца мянушкі, якія адлюстроўва-юць маральныя ўласцівасці, рысы характару літаратурнага героя. Да мяну-шак гэтай групы належыць празванне аднаго з галоўных персанажаў рамана “Кветкі правінцыі” – Воўк-пустэльнік. Матывацыя кантэкстам дазваляе вызначыць унутраную форму характарыстычнага наймення. Стары Дзям’ян дажывае свой век адзін, асобна ад сыноў. Гэта чалавек мудры, разважлівы, вопытны. Аднавяскоўцы звяртаюцца да яго па параду у цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Воўк-пустэльнік – чалавек з вялікай унутранай сілай, які адмераны Богам час прысвячае спробам разгадаць адвечную тайну быцця. “Шмат чалавеку дадзена на зямлі. Мільярд пачуццяў перажыць дадзена… У кожным дні смерць і ўваскрасенне, толькі трэба ўмець назіраць. Ёсць тры найвялікшыя святы: каханне – свята душы, работа – свята розуму, смерць – свята цела. Чалавек на зямлі павінен дзве рэчы шукаць: ісціну і веру… Яны дадуць яму і сілу, і апору, і любоў” [102, с. 57]. Воўк доўга ішоў да сваіх высноў, мяняўся шмат разоў унутрана, але ўрэшце зразумеў, што трэба не гневацца на Бога за тое, што чалавек часовы, а радавацца жыццю ва ўсіх яго праявах: “Усё мне, чалавеку, аднаму мне, каб пра смерць не думаў, толькі ўмела да ўсяго прыгледзеўся. Якое багацце мне дадзена!” [102, с. 231]. У славянскай міфалогіі воўк выступае ў якасці сімвала мудрасці, празорлівасці [15, с. 90]. Акрамя таго, у многіх рэлігіях свету людзі, якія імкнуліся спасцігнуць сутнасныя пытанні чалавечага жыцця, станавіліся пустэльнікамі, пасяляючыся ў бязлюдных месцах. Такім чынам, антрапонім-мянушка цалкам адпавядае асобе яе носьбіта, выяўляючы сутнасць героя і даючы яму станоўчую ацэнку.
У другую тэматычную групу намі вылучаны мянушкі, якія акрэсліваюць вонкавы выгляд, фізічныя якасці персанажаў. Яны ўяўляюць сабою свайго роду згорнутае апісанне, слоўны малюнак, у якім на першы план выходзіць “асаблівая”, найбольш кідкая прымета індывіда. Так, мянушка персанажа рамана “Кветкі правінцыі” Барадулька ўказвае на доўгую бараду старога чалавека, якая адразу кідаецца ў вочы пры сустрэчы з ім. “Сівая, доўгая барада, вусы хавалі яго рот, і здавалася, што голас у яго ідзе з грудзей” [5, с. 169]. Мянушка персанажа мае іранічнае адценне.
Наступную тэматычную групу складаюць мянушкі, утвораныя ў выніку імітацыі чужога маўлення, яго манеры, асаблівасцей, найбольш паўтаральных слоў-паразітаў і цэлых фраз. Асаблівасць маўлення глуханямога персанажа рамана “Кветкі правінцыі” перадае мянушка Мэко, у якой адчуваецца злая насмешка: “Іх, немчыкаў, было на нашу Аселіцу два: Юрко і Жэня Мэко. Так ён казаў на малако: мэко” [102, с. 99].
У асобную тэматычную групу мы вылучылі мянушкі, якія ўтрымліваюць інфармацыю пра звычкі і любімыя заняткі персанажаў: “Да аўтобуснай астаноўкі Ларысу праводзіла ўсяго толькі адна сяброўка з іх палаты, якая мела мянушку «Штатны праважаты» і праводзіла ўсіх, у які б час хто ні ад’язджаў” [102, с. 118].
Характарыстычныя празванні могуць утрымліваць інфармацыю пра падзеі жыцця чалавека: “Сярожу ў брыгадзе найчасцей называлі Аргенцінцам (яго бацькі пры Польшчы ездзілі па шчасце ў экзатычную Аргенціну, дзе ён, Сяргей, і нарадзіўся)” [54, с. 203].
Знайшлі адлюстраванне ў аўтабіяграфічнай прозе і “мянушкі, утвораныя ад «nomina personalia», гэта значыць ад уласных імёнаў, імёнаў па бацьку і прозвішчаў” [14, с. 130]. Добразычлівыя адносіны сябровак-студэнтак да сакурсніка, крыху старэйшага за іх па ўзросце, выражае характарыстычнае празванне: “Дзядзечка Зай – гэтак жартаўліва, ласкава дзяўчаты называюць Сяргея Зайко” [54, с. 251].
У творы Г. Марчука знаходзім ужыванне мянушак са “сцёртай”, забытай у тым асяроддзі, дзе функцыянуюць такія найменні, унутранай формай, напрыклад: “Чаму яго празвалі Ваўком, цяпер ніхто ўжо не ведае, як не ведалі давыд-гарадчукі, чаму іх па-вулічнаму здавён клікалі мянушкамі Біржа, Манах, Свістун, Паяечко” [102, с. 53].
Эмацыйна-ацэначная вобразнасць мянушак і прозвішчаў герояў прозы берасцейскіх аўтараў абумоўлена наяўнасцю прынятых у грамадстве этычных і эстэтычных нормаў.
Найважнейшымі рысамі антрапанімічнай прасторы аўтабіяграфічнай прозы берасцейскіх пісьменнікаў Георгія Марчука і Васіля Жуковіча з’яўляецца выкарыстанне імёнаў родных і блізкіх пісьменнікам людзей (часам гэтыя антрапонімы праходзяць праз мадыфікацыю гукавога абліч-ча), уключэнне ў кантэкст твораў імёнаў гістарычных асоб, якія фарміру-юць фон дзеяння, а таксама адпаведнасць выбраных для ідэнтыфікацыі і характарыстыкі персанажаў імёнаў палескаму антрапанімікону другой паловы ХХ стагоддзя.
Дзяцінства з’яўляецца адным з важных этапаў жыцця са значнай праекцыяй на наступную біяграфію чалавека. Кніга для маленькага чытача – люстэрка навакольнага жыцця, акно ў свет. Ад таго, якія кнігі першымі трапяць у рукі дзіцяці, у значнай меры будуць залежаць яго далейшыя літаратурныя схільнасці, яго стаўленне не толькі да выбару для чытання новых твораў, але і да выбару мэты жыцця, выбару героя, да якога дзіця захоча быць падобным. Актуальнасць прадстаўленага даследавання абумоўлена ростам цікавасці да дзіцячай літаратуры, якая ўяўляе сабой культурны феномен, а таксама недастатковай вывучанасцю анамастычных адзінак у мастацкіх тэкстах для дзяцей. Плённа працуюць у жанры аўтарскай казкі, адрасаванай дзецям, берасцейскія пісьменнікі Раіса Баравікова, Зінаіда Дудзюк, Георгій Марчук, Алена Дэбіш, якія асучас-ніваюць традыцыйныя міфалагічныя і казачныя матывы. Творы згаданых аўтараў блізкія па тэматыцы. Пісьменнікі апавядаюць пра сям’ю, узаемаадносіны паміж самымі роднымі і блізкімі людзьмі, сябрамі, аднакласнікамі. Казачныя персанажы ажыццяўляюць захапляльныя пада-рожжы ў прасторы і часе, наведваючы планеты Шэрай Непрыветлівасці і Сапфіраў, пераносячыся ў мінуўшчыну. Маленькія персанажы, а разам з імі і чытачы, назіраючы падзеі айчыннай і сусветнай гісторыі, сучаснага жыцця і будучыні, вучацца шанаваць бацькоў, паважаць настаўнікаў, наладжваць адносіны з сябрамі, шчыра выражаць пачуцці, “галоўнае сярод якіх называецца любоўю да ўсяго, што нам заўсёды дорага і блізка” [8, с. 5]. Ствараючы яркія і запамінальныя карціны жыцця, берасцейскія пісьменнікі ўмела выкарыстоўваюць вобразна-выяўленчыя магчымасці та-кога насычанага культурна-гістарычнай інфармацыяй складніка мовы, як уласныя імёны.
Аўтарская казка – гэта мастацкі твор паэтычнай, празаічнай ці драматычнай формы, які грунтуецца на выдумцы, адрасаваны дзецям і дарослым чытачам, у рознай ступені суадносны з фальклорнай першаасновай, выконвае забаўляльную, павучальную, адукацыйную і іншыя функцыі [36, с. 143].
Існуюць розныя класіфікацыі аўтарскіх казак, якія ўлічваюць час напісання казак, характар адрасата (аўтарскія казкі, разлічаныя на дарослага чытача, і казкі для дзяцей), жанрава-відавую прыналежнасць (казкі-раманы, казкі-апавядані, казкі-паэмы і інш.). Больш складаным з’яўляецца падыход да класіфікацыі казак з пункту гледжання праяўлення ў казачным тэксце фальклорнай паэтычнай традыцыі. Гэтая класіфікацыя лічыцца асноўнай і найбольш істотнай [36, с. 143]. У сучасных даследаваннях аўтарскіх казак усе яны ў залежнасці ад ступені праяўлення ў іх фальклорных элементаў паэтыкі падзяляюцца на літаратурна-фальклорныя і індывідуальна-аўтарскія. Тыя творы, у якіх рысы фальклорнай казачнай традыцыі праяўляюцца дастаткова ярка ў выглядзе запазычаных сюжэтаў, кампазіцыі, вобразаў, у тым ліку традыцыйных казачных імён, лічацца літаратурна-фальклорнымі казкамі [36, с. 144]. Да іх ліку можна аднесці зборнікі казак “Новыя прыгоды Несцеркі”, “Агапка, Арцемка i злы Воўк”, “Чужое багацце”, “Жылі-былі дзед Васільчык і баба Кацярына”, “Дзікая груша” Георгія Марчука і інш. У індывідуальна-творчых казках фальклорныя элементы не праяўляюцца ўвогуле ці праяўляюцца ўскосна [36, с. 144]. Да твораў гэтага тыпу адносяцца зборнікі казак “Канікулы на астэроідзе” Зінаіды Дудзюк і “Пра кашэчага караля Вяргіна і мышку Паднорку”, “Казкі астранаўта”, “Дзве аповесці пра міжпланетнага пажарніка і казка пра жабяня Квыш-Квыш”, “Казкі з гербарыя” Раісы Баравіковай, казачная аповесць “Замак тайн” Алены Дэбіш.
Дзеянне практычна ўсіх казак Г. Марчука разгортваецца на Палессі, там, дзе сярод былых пракаветных і неабсяжных балот стаіць старажытны Давыд-Гарадок, дзе чароўная Гарынь упадае ў царыцу краю Прыпяць, дзе “за сямю лясамі, трыма балотамі, куды не вядуць мінскія, кіеўскія, варшаўскія дарогі, жывуць людзі звыкла, законапаслухмяна, па-доб-расуседску” [101, с. 5]. Ствараючы яркія, фантастычныя і праўдзівыя карціны мінулага і сучаснага жыцця роднай зямлі, Г. Марчук звяртаецца да такога паказальнага ў плане нацыянальнай і культурнай адметнасці складніка мовы, як антрапанімічная лексіка. Усе зафіксаваныя ў творах антрапонімы можна падзяліць на дзве групы. Па-першае, гэта імёны і прозвішчы рэальных гістарычных асобаў, па-другое, імёны, прозвішчы, мянушкі герояў, створаных фантазіяй пісьменніка.
Казкі Г. Марчука цікавыя і адметныя спалучэннем рэальнага і фантастычнага. Казачнік апавядае маленькаму чытачу пра слыннае мінулае роднага краю, пра славутых продкаў, майстэрства, мужнасць, розум якіх цаніліся ва ўсім свеце. Таму на старонках казак згадваюцца імёны рэальных гістарычных дзеячаў: князя Давіда, унука Яраслава Мудрага, казака Нябабы, паплечніка Багдана Хмяльніцкага, польскага караля Уладзіслава ІV, каралеў Марыі Ганзага і Боны Сфорца, венецыянскага пасла Ціеполы. Увядзенне рэальных гістарычных асобаў у казкі неабходнае для стварэння адпаведнай атмасферы сівой мінуўшчыны, якая перагукваецца з днём сённяшнім. І гэта выклікае ў маленькага чытача цікавасць да роднай гісторыі і гонар за яе яскравыя старонкі. Героі п’ес Г. Марчука “Агапка, Арцёмка i злы Воўк” і “Новыя прыгоды Несцеркі”, пазнаючы свет прыроды і чалавека, звяртаюцца да сюжэтаў свяшчэннай гісторыі, і таму ў іх разважаннях гучаць імёны біблейскіх герояў: “Так… Рабіна – гэта слёзы Адама і Евы, першых людзей: калі іх Бог прагнаў з раю, яны ішлі ды плакалі, з іх слёз павырасталі рабіны. Асіна. За трыццаць срэбранікаў Юда здрадзіў Богу нашаму Хрысту. Скарб закапаны пад асінай” [96, с. 28]; “Заклінаю Усемагутным Богам з вышніх воблак, чатырма евангелістамі Іванам і Маркам, Лукой і Мацвеем. Адступіцеся, злыя духі, ад раба Божага Аксёна. Амінь” [96, с. 279].
Антрапанімікон казак пісьменніка з’яўляецца адлюстраваннем багацця беларускага іменаслову, які характарызуецца маляўнічай палітрай. У казках Г. Марчука знаходзім многа надзвычай прыгожых беларускіх імёнаў: Базыль, Ян, Аксён, Домна, Марфа, Гапа, Мікадзім, Ганеліс, Лука, Астап, Піліп, Сілуян, Багуслава і інш. На жаль, многія онімы цяпер архаізаваліся, выйшлі з актыўнага ўжытку. Іх можна сустрэць хіба што ў прадстаўнікоў старэйшага пакалення.
Імя здаўна служыла сведчаннем веравызнання чалавека. У казках Г. Марчука знаходзім выкарыстанне як візантыйска-праваслаўных (Іван, Марфа, Нікадзім, Агапія, Барыс, Глеб, Сілуян), так і рымска-каталіцкіх (Базыль, Ян, Стась) формаў імёнаў. Сустракаюцца на старонках казак
і язычніцкія двухасноўныя імёны-кампазіты: Яраслаў, Святаполк, Багуслава.
Нярэдкія на старонках казак пісьменніка прамагаваркія асабовыя імёны, якія маюць празрыстую ўнутраную форму. У казках онімы часцей за ўсё матываваныя словаўтваральна, фанетычна і семантычна, пры гэтым матывы іменавання прама ці ўскосна эксплікуюцца ў тэксце. Дзіцячы пісьменнік імкнецца да максімальнай празрыстасці ўнутранай формы ўласнага імені, створанага і аказіянальна ўжытага ў творы. Да ліку такіх онімаў адносяцца імёны – указальнікі роду заняткаў і сацыяльнага статусу персанажаў: Настаўнік, Студэнт, Прафесар, Дама. Звесткі як аб знешнасці, так і аб унутрным абліччы героя нясе гаваркое імя Аднавокі Пірат: “Адно вока Пірата закрыта павязкай, другое гарыць злым чырвоным агнём. Увесь дзень Аднавокі бегае па замку і ўсё думае, думае, якое б зло зрабіць” [105, с. 14]. Менавіта Пірат стварае Чорны горад, заба-раніўшы жыхарам жыць весела, ярка, сябраваць, дапамагаць адзін аднаму.
Ускоснагаваркія імёны маюць “зацемненую” ўнутраную форму, для высвятлення якой патрэбны кантэкст. Ускоснагаваркія паэтонімы ў казках могуць указваць на фізічныя якасці герояў. Так, матывацыя імені казачнага асілка Сілуяна становіцца зразумелай чытачу тады, калі кантэкст высвечвае першааснову оніма: “Сілуян – ладны хлопец, што ростам і сілаю выйшаў. Кулакі ў яго, як гіры пудовыя. Так дасць, што і не ачомаюся” [105, с. 118]. Ускоснагаваркія онімы могуць указваць на маральныя якасці персанажаў. Такім іменем з’яўляецца найменне прыгажуні Багуславы – гераіні казкі “Каваль Сілуян і злы дух”. Лёс дзяўчыны – прыклад жыцця простага чалавека, які жыве “зако-напаслухмяна, богабаязна, па-добрасуседску” [105, с. 28]. Жыццё Багуславы падпарадкавана спрадвечным маральным прынцыпам чэснасці, спагады, любові да бліжняга. Дзякуючы Божай дапамозе, гераіня ратуе душу каханага ад д’ябальскіх чараў.
У казцы “Як нарадзіўся Несцерка” Г. Марчук прадстаўляе чытачу сваю трактоўку паходжання імені традыцыйнага героя беларускіх казак. Дзіця з’явілася на свет тады, калі стары месяц знік, малады не нарадзіўся, а бацюшка “даваў імёны па Сонцы або па Месяцы” [105, с. 38]. Да таго ж вельмі незвычайным было немаўля, якое з першых хвілінаў жыцця пачало смяяцца. Неардынарнасць малога і незвычайнасць часу нараджэння дзіцяці патрабавала своеасаблівага імені. Словы бацюшкі “несць чысла імёнам – Ян, Пятрусь, Яраслаў, Святаполк, – ды ніводнае вашаму не падыходзіць” [105, с. 42] сталі асновай узнікнення імені Несцерка.
Побач з асабовымі імёнамі яркім ацэначна-характарыстычным сродкам у творах пісьменніка з’яўляюцца прозвішчы. Ствараючы празванні казачных герояў, Г. Марчук імкнецца “ўваскрасіць” унутраную форму оніма, падкрэсліць яго сувязь з паняццем, якое легла ў аснову наймення. У прозвішчах адлюстроўваецца бачанне пісьменнікам сваіх персанажаў, іх характараў, дзеянняў, учынкаў. Так, найменне Барабанадуля, якое належыць герою цыкла казак пра дзеда Васільчыка і бабу Кацярыну, адмоўна характарызуе персанажа. Гэта пусты, злы, помслівы чалавек, які любіць выхваляцца сваімі “подзвігамі”. Ён не ўмее любіць, спачуваць, прыносячы бліжнім адны непрыемнасці. Барабанадуля пазбаўляецца ад хворай маці, адправіўшы яе да слабай здароўем сястры, калечыць старую Сароку, забівае кошачку Дымку. Найменне казачнага персанажа адпавядае сутнасці героя, створанага фантазіяй Г. Марчука.
Паказчыкам высокага саслоўнага статусу з’яўляецца форма і будова прозвішча. Але пад пяром пісьменніка двайное прозвішча можастаць сродкам насмешкі з нібыта высакароднага, а на самай справе нікчэмнага персанажа. Так, у п’есе “Новыя прыгоды Несцеркі” адзін з герояў, пан, носіць прозвішча Пуп-Шкевіч. Высокая форма празвання напаўняецца зніжаным зместам асновы першай часткі наймення. Гэта назва часткі цела чалавека, якая выклікае ў свядомасці чытача асацыяцыю з размоўнай фраземай іранічнага гучання пуп зямлі ‘самы важны, самы галоўны, лепшы за ўсіх’. Зусім не гаспадаром свайго маёнтка з’яўляецца пан. Вырашае людскія лёсы, кіруе гаспадаркай і маніпулюе панам аканом, па мянушцы Усё магу. Намаганні пана скіраваныя на вырашэнне псеўдаграндыёзнай задачы – выбар ку́хара. Ды і гэтае пытанне Пуп-Шкевіч не можа вырашыць самастойна, падпадаючы пад уплыў аканома і фальшывых шляхцічаў Патыліцы і Абдулы.
Ствараючы яркія, запамінальныя партрэты казачных герояў, Г. Марчук выкарыстоўвае выяўленчыя магчымасці такога разраду антрапанімічнай лексікі, як мянушкі. Характарыстычныя празванні могуць акрэсліваць вонкавы выгляд, фізічныя якасці персанажаў. Такія мянушкі ўяўляюць сабой свайго роду згорнутае апісанне, слоўны малюнак, у якім на першы план выходзіць “асаблівая”, найбольш кідкая прымета індывіда. Так, жартаўлівае празванне героя казкі “Мядзведзь” дзеда Васільчыка, адно вока якога забрала вайна, Кутузаў. Падставай узнікнення ацэначна-характарыстычнага наймення з’яўляецца не толькі знешняе падабенства са славутым палкаводцам, але і смеласць, знаходлівасць дзеда, які здолеў злавіць злодзея, адшукаць ікону і нават дапамагчы мядзведзю.
У асобную групу мы вылучаем мянушкі, прычынай узнікнення якіх з’яўляюцца надзвычайныя выпадкі, здарэнні, якія высвечваюць сутнасныя людскія рысы. Так, герой адной з казак Г. Марчука мае мянушку Карыта з чырвонцамі. Празванне пана характарызуецца адценнем пагарды, знявагі. Атрымаў казачны персанаж такое найменне за тое, што перамог у спаборніцтве па выцягванні грошай з карыта: “Пан меў ручышчы доўгія і жмені вялізныя, бы не людскія. І так імі, паганец, чэрпаў, што паўпуда, не менш, тых чырвонцаў з карыта выцягваў” [105, с. 100]. Мянушка не толькі фіксуе надзвычайную падзею, яна перадае асаблівасці маральнага аблічча героя – яго імкненне і ўменне здабываць грошы любымі шляхамі.
Сустракаюцца на старонках Марчуковых казак і генесіянімічныя найменні асоб – празванні жонкі паводле імені, прозвішча ці мянушкі мужа. Такія найменні ўтвараюцца пры дапамозе суфіксаў -іх (-ых), напрыклад: “Удава Капліха, якая мела хаціну недалёка ад раздарожжа, з калодзежа зрабіла лядоўню-студню” [105, с. 111].
Эфект праўдзівасці падзей, якія адбываюцца ў творах беларускіх аўтараў, фарміруецца за кошт увядзення на старонкі твораў геаграфічных назваў – тапонімаў. Так, у казках Георгія Марчука сустракаюцца найменні рэальных гарадоў і краін як замежжа (Кракаў, Рыга, Стамбул, Рым, Амерыка, Германія, Егіпет, Іспанія), так і Беларусі і найперш палескіх гарадоў, мястэчак, вёсак (Мінск, Слуцк, Пінск, Тураў, Давыд-Гарадок, Моталь, Радзічы, Альпень, Ляды). Гэта і гідронімы – назвы рэк, якія на Беларусі здаўна абагаўляліся (Вара, Ясельда, Нёман, Сож, Прыпяць, Дзвіна). Найменні рэальных геаграфічных аб’ектаў суседнічаюць на старонках твораў пісьменніка з назвамі краін, створаных фантазіяй казачніка. Гэта станцыі Воўчы Тупік і Мядзведжае, дзе валадарыць памагаты нячысціка Кадука пан Грызь. Часам на старонках казак прыводзяцца звесткі пра паходжанне геаграфічных назваў: “Калі ж сам князь дружынаю плыў па рацэ біць ворагаў, паслалі па Несцерку. Запаліў ён лучыну, стаў пасярод ракі і давай кіраваць лодкамі: «Го-го! Тут мель! Го-го, мель!»” [96, с. 33].
У кантэксце казак Г. Марчука прадстаўлены міфонімы – найменні духаў, якімі населены прыродны свет. Дзейнымі асобамі казкі Г. Марчука “Чужое багацце” з’яўляюцца галоўны балотны нячысцік Кадук, аднавокі Пачварнік, вартавы смалярні, і касавокая Русалка, “якія так і глядзелі, каб з чужой бяды прыбытак мець” [105, с. 50]. Сустракаецца на старонках казак Г. Марчука агіёнім. Дзейнай асобай казкі “Паўлік і злы Дух Асфальту” з’яўляюцца Святы Юрый, якія дапамагае хлопчыку і бабулі выстаяць у барацьбе са злыднямі сучаснай цывілізацыі – абараніць жывую крыніцу. Атмасферу мінуўшчыны ў п’есе-казцы Георгія Марчука “Новыя прыгоды Несцеркі” перадаюць геартонімы Макавей, Спас, Пакровы.
Немалаважную ролю ў казачным свеце адыгрываюць вобразы жывёл і птушак. Іх найменні – заонімы – таксама з’яўляюцца гаваркімі паэтонімамі. Аўтарскія ацэначныя адносіны да герояў казкі Г. Марчука “Тушканчык і чароўны чамаданчык” выражаюць паэтонімы – найменні тыгра (злога валадара пустыні) – Пузаты-Паласаты,тушканчыка Мікітулі і сусліка Юраські, якія выратавалі жыхароў краіны Тушканіі ад сквапнага правіцеля. Узгадаем каня Мадагаскара – “ж арабца масці ярка-чырвонай, які нагадваў востраў Мадагаскар каля Афрыкі” [105, с. 14]; ваўчаня Піліпку, якое нарадзілася на Піліпаўку; Смелае Ягнё, якое выратавала сваю сям’ю ад злоснага і хітрага ваўка. Самыя кідкія рысы знешнасці жывёл могуць адлюстроўваць іх мянушкі: празванне вярблюда Вялікі Горб, джэйрана Хуткія Ногі Востры Ражок, крумкача Крывыя Лапы, чорнай каровы Смолушка. Гукавое аблічча празвання кажана Чучумчадла – сродак ярка адмоўнай характарыстыкі персанажа.
У кантэксце казак Г. Марчука асабовыя імёны, прозвішчы і мянушкі персанажаў, а таксама перыферыйныя онімы (тапонімы, геартонімы, заонімы і інш.) з’яўляюцца сродкам, якія стварае мастацкі вобраз. Удала падабраныя пісьменнікам антрапонімы могуць ярка, запамінальна і лаканічна паказаць знешняе аблічча і псіхалагічны стан героя, перадаць манеру паводзінаў персанажа, выразіць характар і танальнасць людскіх узаемаадносінаў. Перыферыйныя онімы ствараюць атмасферу рэальнасці і адначасова надзвычайнасці казачных падзей.
Творы Р. Баравіковай, А. Дэбіш і З. Дудзюк, якія адносяцца да казак індывідуальна-аўтарскага тыпу, цікавыя і адметныя спалучэннем рэальнага і фантастычнага. Так, у казачнай аповесці Р. Баравіковай “Казімір, сын Ягайлы, плюс Насця з 8 «Б» раўняецца сэрца, пранізанае стралою” пісьменніца апавядае маленькаму чытачу пра далёкае ХV стагоддзе. Таму на старонках твора згадваюцца імёны рэальных гістарычных дзеячаў: польскага караля Ягайлы, каралевіча Казіміра, каралевы Эльжбеты, вялікіх князёў Жыгімонта і Вітаўта. Імёны персанажаў, створаных фантазіяй пісьменніцы, адлюстроўваюць мадэлі іменавання сярэднявечнай Беларусі. Так, прадстаўнікі ніжэйшых саслоўяў носяць размоўна-бытавыя формы кананічных імёнаў. Напрыклад, асочнікі празываюцца Даніла і Тамаш, дачка асочніка завецца Настусяй. Для іменавання прадстаўнікоў вышэйшых саслоўяў выкарыстоўваюцца імёны ў спалучэнні з паказчыкамі сацыяльнага ганаравання (пані Зося), а таксама антрапанімічныя формулы “імя + імя па бацьку” (князі Міхайлушка Жыгімонтавіч, Андрушка Гаштольтавіч). Персанажы “Казак астранаўта” Раісы Баравіковай пераносяцца ў даўнія часы, калі на нашай зямлі суіснавалі паганства і хрысціянства. Таму людзі гэтага часу носяць як хрысціянскія (Янук, Паланея, Дамініка), так і язычніцкія імёны (Лён, Кудла). Цікава, што адна з гераінь мае як паганскае імя Кудла (так яе завуць сваякі ў сям’і), так і каляндарнае імя Агата, якое ўжываюць у звароце да жанчыны “чужыя” людзі.
Ствараючы карціны сучаснага жыцця, Р. Баравікова, А. Дэбіш і З. Дудзюк выкарыстоўваюць шырокі спектр варыяцый асабовых імёнаў, якія з’яўляюцца выразнікам разнастайных эмоцый і пачуццяў: пяшчоты, сяброўскай фамільярнасці, спачування і інш. У казках Р. Баравіковай, што ўвайшлі ў зборнік “Галенчыны «Я», альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў”, адлюстравана народная традыцыя ўжывання ласкальных формаў імёнаў дзяцей і падлеткаў, напрыклад: Ліначка, Стасік, Толік, Лёнік, Петрусёк, Галенка, Валодька, Міколка, Ясік, Ясічак, Янік, Васька, Настуля, Ірынка і мн. інш.
У сферу дэрывацыі эмацыйна-ацэначных формаў уцягваецца імя англійскага лорда, персанажа казкі Алены Дэбіш: “Хотя, совершенно не понимаю, зачем, ведь и ежу понятно, что возлюбленная зайки Уильямчика – в этом месте Викуся сладко закатила глаза – это я. Я чувствовала, я знала, я его всю жизнь ждала!” [39, с. 81]. Поўная форма імені выкарыстоўваецца маленькімі героямі і іх бацькамі, калі ім хочацца падкрэсліць, што дзеці становяцца ці павінны стаць дарослымі людзьмі, адказнымі за свае ўчынкі: “Валерия! Ты совершенно несносная! Ну скажи мне: сколько ты ещё будешь заставлять сестру делать за тебя работу по дому” [39, с. 16]; “О нет! Кажется, я сегодня познакомилась с ещё одной Викой Лебедевой, всегда именующей себя не иначе как «Виктория», и обожающей, когда так же её называют и другие” [39, с. 44].
Традыцыю ўжывання эмацыйных формаў імёнаў захаваюць, на думку З. Дудзюк, людзі будучага, што адлюстравана ў п’есе-казцы “Канікулы на астэроідзе”. Цёплыя, сяброўскія адносіны паміж дзецьмі наступнага стагоддзя перадаюць эмацыйныя формы імёнаў: “Ты, Яська, любіш рабіць толькі тое, што забаронена” [45, с. 18]; “Дзякую, Юрасік” [45, с. 20]; “Мае ключы! Неверагодна! Малайчына, Юраська!” [45, с. 20]. Не толькі нашымі продкамі і намі, але і нашымі нашчадкамі імя будзе ўспрымацца як неад’емны складнік асобы. Страта імені вядзе да страты важных чалавечых якасцяў. Так, герой твора З. Дудзюк пад уздзеяннем магічных промняў прафесара Стратона губляе імя і з зямнога хлопчыка ператвараецца ў касмічнага салдата, ва ўсім падуладнага свайму гаспадару: “Ясь, Ясечка, няўжо ты нічога не помніш?” – “Па-першае, я не Ясь, а жаўнер Сусветнага войска” [45, с. 23]. І толькі сапраўдныя сябры дапамагаюць хлопчыку ўспомніць імя і тое, што ён – жыхар Зямлі, якому трэба вяртацца на сваю планету, дзе яго даўно чакае мама.
Прадстаўлена ў творах пісьменніц характэрная для народнага асяроддзя традыцыя ўжывання пры імёнах людзей найменняў роднасці і сваяцтва (дзед, баба, дзядзька, цётка, брат). Падобныя формы звароту з’яўляюцца сведчаннем пачцівасці, пашаны, цёплых адносін паміж суразмоўцамі. На жаль, у гарадской культуры такія формы цяпер забываюцца, а вось у маўленні вяскоўцаў гэтыя найменні пашыраныя, напрыклад: “Дзед Ігнась! – закрычаў Андрэйка” [6, с. 8]; “А вось Генадзь, сын дзеда Васіля і бабулі Ганны… Генадзь можа многае” [6, с. 28]; “А цётка Нюра ўжо націскала на званок… Пачыналіся заняткі” [6, с. 38]. Паказчыкам павагі да чалавека, а таксама сведчаннем афіцыйнасці ўзаемаадносін з’яўляецца выкарыстанне ў дачыненні да асобы поўнай формы імені ў спалучэнні з іменем па бацьку. Часта такія формы наймення ўжываюцца ў адносінах да школьных настаўнікаў, напрыклад: “У класным пакоі Рыгор Іванавіч, настаўнік другога «Б», сядзеў за сталом” [6, с. 48]; “У клас увайшла Галіна Максімаўна і сказала, што ў актавую залу яны пойдуць разам з 4 «А» класам” [6, с. 50]; “Вучні меліся купляць кветкі для Галіны Іванаўны” [6, с. 88].
Актыўна ўжываюць пісьменніцы прамагаваркія імёны. Напрыклад, характарыстыкай прыгажосці гераіні зборніка Р. Баравіковай “Галенчыны «Я», альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў”, якая радуе ўсіх, хто бачыць красуню, з’яўляецца імя Прамень Радасці: “Такога твару я ніколі і нідзе не бачыў! Ён такі прыгожы, што, гледзячы на яго, немагчыма не адчуваць радаснага хвалявання. Гэта проста не дзяўчына, а нейкі прамень радасці!” [6, с. 28]. Надзвычайна прывабную князёўну апісвае яе імя Сонечная: “Дзяўчынка нарадзілася такой прыгожай, што ёй доўга не маглі падабраць адпаведнае імя. Княгіня нават назвала яе Сонечнай — гэтак ясна свяціліся шчочкі маленькай князёўны” [9, с. 16].
Прамагаваркімі паэтонімамі можна лічыць і мянушкі – неафіцыйныя ацэначна-характарыстычныя празванні людзей. Такія найменні могуць быць яркім шрыхом у малюнку знешнасці героя: “Скафандр – мянушка дзядзькі Сцяпана. Гэтак ўсе яго завуць, таму што галава ў дзядзькі вялікая, а тулава, як жэрдка, тонкае” [6, с. 76]. Празванні гэтага тыпу могуць змяшчаць інфармацыю пра самую яркую рысу характару літаратурнага героя: “Хлопчыкі Вадзіка празвалі Метэор за яго празмерную непаседлівасць” [6, с. 77]. Манеру маўлення героя “Казак з гербарыя” перадае мянушка: “У таго князя была мянушка Даражэнька. Гэта таму, што да ўсіх ён звяртаўся са словам «даражэнькі»” [9, с. 91].
У казцы Алены Дэбіш “Замак тайн” ужыты перанесеныя з фальклору імёны, прадстаўленыя мянушкамі – паэтонімамі-рэмінісцэнцыямі, ужыван-
не якіх абумоўлена фактам функцыянавання аўтарскіх і народных тэкстаў у адзінай нацыянальна абумоўленай культурна-гістарычнай прасторы. Так, празванні-мянушкі персанажа аповесці Івана Іванова, дадзеныя дасціпнымі дзяўчатамі Вікай і Лерай Лебедзевымі, – Ванька-дурань і Іван-царэвіч – акрэсліваюць розныя бакі персанажа, з аднаго боку прастакаватага, нехлямяжнага сучаснага хлопца, а з другога – упартага, смелага, які дапамагае перамагчы сучасных аферыстаў і ажывіць герцага Уільяма Хейза і, нарэшце, заваёўвае сэрца сучаснай “прынцэсы” – Вікторыі Лебедзевай.
Да ліку ацэначна-характарыстычных сродкаў у кантэксцетвораў пісьменніц належаць прозвішчы, якія паводле ступені семантычнай актыўнасці адносяцца да ўскоснагаваркіх онімаў. Для раскрыцця матывацыі такіх паэтонімаў патрэбна ўважліва вывучыць змест твора, асэнсаваць мастацкі вобраз, створаны аўтарам.
Да ўскоснагаваркіх онімаў адносіцца празванне героя аповесці “Галенчыны «Я», альбо Планета Цікаўных хлопчыкаў” Р. Баравіковай Віталіка Лаўранка. Сэнс прозвішча асацыятыўна звязваецца з назвай аднаго з сімвалаў перамогі – лаўр. Праўда, зусім не пераможцам з’яўляецца Віталік, які дабіўся незаслужанай публічнай пахвалы ад класнага кіраўніка Галіны Максімаўны.Яна прыўзносіла “лепшага” навучэнца перад усімі вучнямі школы і знакамітым трэнерам, паддаўшыся ўплыву прыбора-дэзынфарматара “Лабус”, узятага хопчыкам з дому без дазволу бацькі. Такім чынам, гаваркое празванне Лаўранок у кантэксце аповесці становіцца характарыстыкай несапраўднага, фальшывага “пераможцы”.
Да ўскоснагаваркіх паэтонімаў адносіцца прозвішча галоўных гераінь казачнай аповесці “Замак тайн” Вікторыі і Валерыі Лебедзевых. Паэтонім выклікае асацыяцыі з прыгажуняй царэўнай Лебедзь з вядомых казак. Як і казачная царэўна, сёстры Лебедзевы абуджаюць каханне і сучаснага прынца, сына багатых і ўплывовых бацькоў Івана Іванова, і прывіда з Сярэднявечча герцага Уільяма Хейза. Цікавае назіранне за ўжываннем казачнага паэтоніма Лебедзь знаходзім у даследаванні Вольгі Гарбачовай: “Лебедзі – невыпадковыя героі народных казак. Паводле міфалагічных уяўленняў, птушка – пасярэднік паміж светам жывых і памерлых. Лебедзі – вадаплаўныя птушкі, а вада – мяжа паміж двума светамі, спосаб перамяшчэння душ памерлых ў царства мёртвых, што азначае іх сувязь з «тым» светам” [36, с. 53]. Сёстры Лебедзевы сапраўды тонка адчуваюць прысутнасць прывідаў, гасцей з “таго” свету: бачаць даму Кук, малютку Кейка, герцага Уільяма Хейза. Каханне Леры Лебедзевай ажыўляе прывід герцага, які ператвараецца ў звычайнага юнака.
Немалаважную ролю ў фантастычным свеце Р. Баравіковай адыгрываюць вобразы жывёл і птушак. Іх найменні – заонімы – таксама з’яўляюцца прамагаваркімі паэтонімамі. Так, заонім Сівая Поўсць трапна абмалёўвае знешнасць старога крата, а гаваркі онім Бутуз з’яўляецца характарыстыкай маленькага, тоўсценькага крацяняці. Гарэзлівая начніца Брыся атрымала гаваркое празванне праз тое, што цікаўнасць яе была настолькі празмернай, што тата ўвесь час загадваў дачцэ “Брысь! Брысь адсюль!”. А жабяня набыло гаваркое імя Квыш-Квыш, таму што замест знаёмага ўсім жабкам “ква-ква” гаварыла “квыш-квыш”. Кароль і прынцэса мышынага царства носяць празванні Паднор і Паднорка. Персанажамі фантастычных казак з’яўляюцца звышнатуральныя істоты, надзвычайнай сутнасці якіх адпавядаюць арыгінальныя імёны: “Мупсякарнашжабулвак – залатое дзіця маленькай, маленькай планеты сузор’я Гончых Псоў” [9, с. 50]. Імёны слізнякоў (герояў п’есы З. Дудзюк “Кароль смаўжоў”), якія стварылі сваё каралеўства, адпавядаюць іх сацыяльнаму статусу: Канцлер, Кароль, Міністр. Характар слізняка акрэслівае гаваркое празванне Гультай. Разумнае смаўжанятка атрымала імя Мудрэйка, бо толькі яно, у адрозненне ад дарослых, зразумела, як важна ў жыцці заставацца самім сабой.
На старонках казак Р. Баравіковай прадстаўлены тапонімы – найменні рэальных гарадоў, рэк, мораў (Зорны гарадок, Мінск, Белавежская пуш-
ча, Нёман, Аланка, Атлантычны акіян), назвы плошчаў, раёнаў, вуліц (Цэнтральны раён, вуліца Касманаўтаў у Мінску), мікратапонімы – назвы дробных геаграфічных аб’ектаў (Зялёнае поле, Антонава дарога, Чорная гара, Слімакова гара), назвы аб’ектаў касмічнай прасторы (Галактыка, Космас, Зямля, Сонца). Побач з найменнямі рэальных геаграфічных і касмічных аб’ектаў у фантастычных творах існуюць найменні аб’ектаў, створаных фантазіяй аўтаркі. Гэта і ўяўная Кропка вяртання – такі пункт у прасторы і часе, трапіўшы ў які кожны набывае здольнасць перамяшчацца ў мінулае. Назвай фантастычнага аб’екта з’яўляецца вуліца Вішнёвых Дажджоў, на якой у час дажджу дзеці маглі набіраць у свае кубачкі сок, што падаў з неба. Гэта і фантастычныя планеты Новая Калідонія, Планета Цікаўных Хлопчыкаў, Мамурыя. Гэта і створаныя фантазіяй пісьменніцы тапонімы, якія нібыта існуюць на іншых планетах: цясніна Срэбнай Вады, дзе “чуецца звон, і ўсе думаюць, што гэта б’ецца вада аб каменныя глыбы на дне” [8, с. 28]. Гэта і Круг Радасці, адкуль “мільёны ззяючых вачэй глядзяць на нас, і ў гэтых вачах столькі радасці, што яна перадаецца кожнаму, хто паглядзіць у гэтыя вочы” [8, с. 11]. Нярэдкімі ў казках з’яўляюцца каментары пра паходжанне назваў планет, сузор’яў: “Назву сузор’ю Дзевы далі яшчэ ў часы дзявятай зямной цывілізацыі, у старажытным Егіпце. Яго з’яўленне на вечаровым небе сведчыла, што надышоў час збору ўраджаю. На палетках працавалі пераважна жанчыны – дзевы. Адсюль і пайшла назва. Таму і Спіка – самая прыкметная зорка гэтага сузор’я – у перакладзе з лацінскай мовы азначае ‘колас’” [7, с. 9].
Атмасферу фантастычнасці падзей, апісаных у казачнай аповесці А. Дэбіш, ствараюць ойкадамонімы – найменні надзвычайных пабудоў: “«Замок Тайн» испокон веков считался жутковатым местом. Люди старались обходить его как можно дальше, а вошедшие внутрь возвращались немыми и чудаковатыми. Поговаривают, что древнее здание кишит призраками, а управляет ими ведьма, живущая в этом замке вот уже сотню лет! Эта ведьма имеет свой секрет вечной молодости, и в преклонные сто лет она выглядит никак не старше тридцати!” [39, с. 43].
Светаўспрыманне чалавека будучых стагоддзяў перадаецца праз ужыванне ў кантэксце твораў Р. Баравіковай як традыцыйных звыклых сучаснаму чытачу геартонімаў – найменняў свят (Каляды, Новы год), так і новых свят, што адзначаюць людзі будучага (Дзень Лёгкага крыла, Свята духмянага пялёстка і інш.). Пісьменніца згадвае на старонках сваіх твораў бібліёнімы – найменні кніг, што чытаюць сучасныя дзеці і будзе чытаць моладзь будучага (“Малыш і Карлсан”, “Царэўна-лебедзь”, “Чырвоная Шапачка”). Наяўнасць названых разрадаў онімаў перадае асаблівасці дзіцячага светаўспрымання і робіць агульную карціну жыцця больш рэльефнай, канкрэтнай, набліжанай да рэчаіснасці.
На думку герояў “Казак з міфалагічнага люстэрка” Р. Баравіковай, звышнатуральнымі істотамі – кашэчым каралём Вяргінам, Дамавухай, Паветрыкам, Русалкай, Жыжалем, у якіх верылі нашы продкі, – напоўнены свет чалавека ХХІ стагоддзя: кароль катоў уносіць сваркі ў жыццё шматпавярхоўкі, парадак у кватэры дапамагае падтрымліваць Дамавуха, капялюшык з галавы зрывае гарэзлівы Паветрык. У аповедзе пра жыццё добрых і злых духаў выкарыстоўваюцца міфонімы: “Дамавуха – лагодны дух, які спрыяе ладу ў добрай хаце. Істота нізенькая, тоўсценькая, што бочачка, у доўгай спадніцы з шырокаю фальбонаю ды ў чырвонай кофце з брыжыкамі – шчыльна занавесіла акно і скіравалася да дзвярэй” [10, с. 25]; “Кот Вяргін разлад у хату прыносіць. Усіх сямейнікаў можа перасварыць. І не сыходзіць звычайна, пакуль гаспадароў да бяды не давядзе” [10, с. 5]; “Паветрык не такі ўжо празрысты. Больш за тое, на ягоным тулаве бачыліся вельмі выразныя маленькія крылцы, з-пад якіх вытыркаліся даволі тоўсценькія лапкі” [10, с. 64].
У кантэксце казак Раісы Баравіковай, Алены Дэбіш і Зінаіды Дудзюк насычаныя культурна-гістарычнай інфармацыяй паэтонімы з’яўляюцца сродкам, які стварае маляўнічыя партрэты герояў, замалёўкі жыцця Зямлі і іншых планет, карціны сівой мінуўшчыны і захапляльнай будучыні.
Такім чынам, адметнымі рысамі анамастыкону аўтарскіх казак з’яўляецца перавага прамагаваркіх антрапонімаў, якія могуць ярка, запамінальна і лаканічна паказаць знешняе аблічча, маральныя якасці, маўленне герояў. У казках шырока ўжываюцца эмацыйна-экспрэсіўныя формы імёнаў, якія здольныя выразіць характар людскіх узаемаадносінаў, прычым пераважаюць формы са станоўчай ацэнкай. Варта адзначыць адпаведнасць сэнсавай нагрузкі і формы найменняў герояў слова-ўтваральным тыпам і мадэлям беларускага іменаслову таго часу, які адлюстраваны ў творах: антрапанімікону дахрысціянскага перыяду і часу ўзаемадзеяння хрысціянскіх і язычніцкіх імёнаў у казках літаратурна-фальклорнага тыпу Г. Марчука і іменаслову ХХ–ХХІ стагоддзяў у індывідуальна-аўтарскіх казках Раісы Баравіковай, Алены Дэбіш і Зінаіды Дудзюк. Акрамя таго, у літаратурна-фальклорных казках больш актыўна выкарыстоўваюцца паэтонімы (найперш, антрапонімы), перанесеныя з народных казак.
Драма (драматургія) – адзін з асноўных родаў літаратуры (разам з эпасам і лірыкай), уяўляе сабой тэкст, які складаецца з рэплік персанажаў і рэмарак аўтара і прызначаны для тэатральнага выканання (часам проста для чытання) [164, с. 242]. Асноўная асаблівасць драматургіі як роду літаратуры – абмежаванасць у выбары выразных сродкаў. У распараджэнні драматурга толькі простая мова герояў, дыялог, з дапамогай якіх неабходна ўтрымаць цікавасць гледачоў. Аўтарскія тлумачальныя каментары магчымыя толькі ў рэмарках, прызначаных хутчэй для пастановачнай групы. Такія каментары маюць неабавязковы характар. Толькі праз простую мову персанажаў магчыма асэнсаванне іх псіхалагічнага складу, намераў, абгрунтаванне дзеянняў і ўсяго, што складае сюжэт драматургічнага твора.
Да гістарычнай драматургіі адносяцца творы паводле рэальных гістарычных падзей ці творы, дзеянне якіх разгортваеццана фоне пэўнай гістарычнай эпохі [164, с. 248].
Лёсы славутых беларусаў не перастаюць быць крыніцай натхнення для сучасных творцаў. У драматычнай аповесці Георгія Марчука “Альгерд” расказваецца пра падзеі 1320–1321 гадоў. Гэта час княжання ў Віцебску славутага Альгерда і адстойвання віцяблянамі свабоды і незалежнасці. Драматычны расповед беларускага пісьменніка і публіцыста Анатоля Крэйдзіча ўваскрашае яркія старонкі жыцця Напалеона Орды – кампазітара, мастака, музыканта, чыя дзейнасць на карысць беларускай культуры і мастацтва застанецца прыкладам шчырага служэння Айчыне. Жыццё беларускага першадрукара ўзнаўляе ў гістарычных п’есах Георгій Марчук. Падзеі студэнцкага жыцця Скарыны ажываюць у драме “Кракаўскі студэнт”. Пра трагічныя старонкі біяграфіі Францыска Скарыны – турэмнае зняволенне ў Познані па лжывым абвінавачванні ў даўгах – апавядае аўтар у п’есе “Лета 1532 года”. Перадаючы дух мінуўшчыны, берасцейскія пісьменнікі ўмела раскрываюць этымалагічную семантыку і нацыянальна-культурную інфармацыю ўласных імёнаў.
У анамастыконе драматычнай аповесці Г. Марчука “Альгерд” адлюстраваны іменаслоў перыяду ўзаемадзеяння спрадвечнаславянскіх імён з візантыйска-грэчаскімі. Загаловак аповесці адносіцца да прадметна-апісальнага тыпу, называючы галоўнага героя твора – славутага балта-славянскага князя.
Ядро анамастыкону твора складаюць імёны людзей – антрапонімы. У ліку персанажаў твора – рэальныя гістарычныя асобы. На старонках твора сустракаюцца онімы-сучаснікі (імёны князя Крэўскага і Віцебскага Альгерда і ягонай жонкі Марыі) і онімы-рэтраспекцыі (імёны бацькі Альгерда Гедыміна і бацькі Марыі князя Яраслава, полацкай княжны-манахіні Еўфрасінні). Узаемадзеянне язычніцтва і хрысціянства знайшло адлюстраванне ў іменаслове ХІV стагоддзя У ліку адзначаных імён як язычніцкія: Яраслаў (імя-пажаданне яркай, яснай славы [11, с. 51]), Альгерд (літ. alg (клікаць) + girg (чуць) [11, с. 14]), так і хрысціянскія: Марыя (ст.-яўр. ‘пані, каханая, жаданая’ [11, с. 64]).
Імёны прыдуманых аўтарам персанажаў адпавядаюць мадэлям славянскага іменаслову ХІV стагоддзя. Частка герояў носіць хрысціянскія імёны іншамоўнага паходжання, запазычаныя з грэчаскай: Фёкла (грэч. ‘слава Божая’ [11, с. 69]), Пракопій (грэч. ‘які паспявае, які апераджае’ [11, с. 38]), Пелагея (грэч. ‘марская’ [11, с. 68]), Афоня (ад Афанасій – грэч. ‘бессмяртны’ [11, с. 16]), Амбросій (грэч. ‘Божы, Боскі’ [11, с. 14]), Мікіта (грэч. ‘пераможца’ [11, с. 34]); старажытнаяўрэйскай мовы: Іван (ст.-яўр. ‘Боская ласка’ [11, с. 28]). У хрысціянстве імя ўспрымаецца як асаблівая духоўная субстанцыя, што фарміруе асобу чалавека і прадвызначае яго жыццёвы шлях (“по имени и житие”). Так, імя адной з галоўных гераінь драматычнай аповесці Фёклы – стрыечнай сястры княгіні – мае глыбінны сэнс ‘слава Божая’ [11, с. 72]. Шчыра кахаючы баярскага сына Пракопія, жанчына пайшла дзеля шлюбу з юнаком на злачынства – падман старога князя Яраслава. Фёкла даруе каханаму здраду, калі той з прыгажуняй Пелагеяй пакідае Віцебск. Жанчынаробіць усё, каб вызваліць хлопца з поруба. Фёкла дае магчымасць Пракопію ажаніцца з суперніцай. Такім чынам, высакародная гераіня ў сваім жыцці здзяйсняе Божы закон любові да бліжняга, усё даруе, не шукае для сябе выгады і шчасця: “Я яму жадаю шчасця. Няхай… няхай з Пелагеяй. Але каб жыў. А я… я ў манастыр у Полацак… Там за ўсіх Вас маліцца буду. Не даў Бог мне яго ў па́ру, але ж падарыў каханне. Няхай іх каханне квітнее цветам яблынь. Я заручуся з Госпадам, як дачка Полацкага князя Еўфрасіння” [97, с. 63].
Сэнс імені святара Амбросія (грэч. ‘Божы, Боскі’ [11, с. 14]) адпавядае характару персанажа. Святар сумленна і з любоўю выконвае пастырскі абавязак: мудрымі парадамі дапамагае ўстанавіць мір і лад паміж князем Альгердам і княгіняй Марыяй, вучыць князя і гараджан дараваць грахі злачынцам, быць літасцівымі да бліжніх.
Некаторыя персанажы маюць язычніцкія імёны. Так, прыслужніца княгіні Марыі мае імя Любава ‘тая, што любіць, любімая’. Любава – дзяўчына, здольная на глыбокае пачуццё. Каханне Любавы мяняе лёс палоннага язычніка: хлопец прымае хрысціянства, вучыць малітвы (“гэта проста, каб ад любові да ўсяго” [97, с. 69]) і паступае ў Альгердава войска, каб абараняць горад ад ворага.
Некаторыя персанажы п’есы, напрыклад, баярын Сысой Сырамятнік, носьбіты і хрысціянскага, і язычніцкага імёнаў. Першы онім – каляндарнае імя старажытнаяўрэйскага паходжання, у мове-крыніцы мае значэнне ‘шосты’ [11, с. 61], другое, язычніцкае найменне Сырамятнік указвае на прафесію носьбіта або яго продкаў – ‘той, хто вырабляе сырамятную, г. зн. груба апрацаваную скуру’ [166, с. 114].
Гаваркімі празваннямі надзелены баярын-радца Гудзім Загоска. Першае імя – скарочанае ад Гудзімір або Гудзіслаў ‘праслаўлены музы-
кант, той, хто трубіць славу’ [166, с. 104]. Імя адпавядае сутнасці баярына, які хваліцца перад людзьмі вайсковымі подзвігамі свайго бацькі – паплечніка князя Аляксандра Неўскага. Другое імя Загоска (старажытнае найменне зязюлі [166, с. 38]) таксама гаваркі онім. Зязюлі, як вядома, падкідваюць у чужыя гнёзды сваіх птушанят, якія выштурхоўваюць з птушынай сям’і родных дзяцей. Загоска імкнецца перадаць скарб князя Яраслава не законным нашчадкам, дзецям князя, а свайму сыну Пракопію.
У свядомасці нашых продкаў складаным чынам узаемадзейнічалі хрысціянская вера і язычніцкія ўяўленні пра свет. На старонках драматычнай аповесці шырока ўжываюцца найменні хрысціянскага Бога і святых – тэонім і агіёнімы: “Госпаду памолімся. Святы Божа, Святы крэпкі, Святы бяссмертны, памілуй нас. Бог нарадзіўся ў зямлі Палесціны… Абвясціў усім вялікую любоў. Так любілі ягоныя бацькі Марыя і Іосіф” [97, с. 42]; “Вось што піша Апостал Лука” [97, с. 42]; “Заступніца наша, Маці Божая Віцебская. Свет Гасподзь, Ісус Хрыстос, Святая Дзева Марыя, злітуйцеся” [97, с. 67]. У маўленні язычнікаў выкарыстоўваюцца назвы паганскіх бостваў: “Вы ж чалавечыя ахвяры свайму Перунасу носіце” [97, с. 36]; “Мы нясём да Перуна мёд ды пеўня” [97, с. 36]. У творы гучаць найменні хрысціянскіх свят – геартонімы: свята Божага нараджэння, Божае ўваскрашэнне. Важнай часткай хрысціянскай культуры з’яўляюцца царкоўныя кнігі. Іх назвы –
бібліёнімы – выкарыстаны на старонках твора Г. Марчука: “Слово Григория Богослова”, “Беседы Василия Великого”. Важнае месца ў драматыч-
най аповесці займаюць апісанні хрысціянскага набажэнства, у якіх ужыты назвы цэркваў – эклезіёнімы (Міхайлаўская царква) і абразоў – іконімы (ікона Божага Нараджэння, ікона Божай Маці-Заступніцы).
У апісанні падзей твора, якія разгортваюцца ў старажытных славян-
скіх княствах, важнае месца замаюць тапонімы. Частка іх захавалася ў сучаснай мове: Цвер, Смаленск, Віцебск, Ноўгарад, Пскоў і інш. Тапонім Полацак з цягам часу змяніў гучанне, таму яго трэба аднесці да лексіка-фанетычных археонімаў. Дастаткова часта месца падзей удакладняецца аўтарам праз ужыванне найменняў пабудоў старажытнага Віцебска – ойкадамонімаў: Верхні замак, Ніжні замак, Задунайская брама.
Такім чытам, дзякуючы ўмеламу выкарыстанню культурна-гістарычнай інфармацыі анамастыкону, Г. Марчук у аповесці “Альгерд” здолеў не толькі намаляваць пераканаўчыя вобразы людзей ХІV стагоддзя, але і перадаць асаблівасці светаўспрымання нашых продкаў.
Анамастыкон п’ес Георгія Марчука “Кракаўскі студэнт” і “Лета 1532” і Анатоля Крэйдзіча “Палескі Напалеон” грунтуецца на айчынным іменаслове перыяду панавання кананічных імён.
Загалоўкі гістарычных п’ес Георгія Марчука адносяцца да прадметна-апісальнага тыпу, абазначаючы ў першым выпадку героя твора, а ў другім акрэсліваючы час разгортвання падзей. Загаловак драматычнага расповеду Анатоля Крэйдзіча “Палескі Напалеон” належыць да ідэйна-характа-
рыстычнага тыпу, бо змяшчаеаўтарскую ацэнку галоўнага героя твора. Пісьменнік распавядае пра даўні звычай называння дзіцяці ў гонар славутага чалавека. Так, маці Напалеона Орды прызнаецца, што сын яе быў названы ў гонар знакамітага імператара Напалеона, на якога беларуская шляхта спадзявалася, бо думала, што, вызваліўшы ад Расійскай імперыі краіну, імператар дазволіць вярнуць ёй былую незалежнасць і славу: “Вы і мяне ахрысцілі яго імем? Каб уславіць вызваліцеля ды паказаць сваю прыхільнасць да яго?” – “Бацька ўзяў цябе на рукі і ціха паклікаў, «Напалеон, ці чуеш ты мяне? Адзін Напалеон цяпер заваёўвае пад Эйлау нашую незалежнасць, а другі будзе жыць у вольнай дзяржаве». Ён верыў, што сонца, якое нарадзілася са сцюжы разам з табою, гэта знак Гасподзен. Мала хто ведае, як бязмежна любіць ён сваю Айчыну”
[80, с. 35]. Лёс знакамітага імператара нібыта накрэсліў славу беларускага творцы – змагара за сілу і незалежнасць Айчыны, які ўдзельнічаў у паўстанні 1830 года, вымушаны быў на доўгія гады пакінуць Радзіму і ўсё ж такі ўславіў яе ў найпарыгажэйшай музыцы і ў сотнях малюнках помнікаў, адзначаных падзеямі айчыннай гісторыі, родных мясцін знака-
мітых асоб, старых сабораў, замкаў Беларусі, у якіх з любоўю перададзена веліч, прыгажосць і багатая культура роднага краю. Слова-імя Напалеон уключана ў загаловак твора, становячыся ключавым словам усяго літара-
турнага тэксту. Загаловак “Палескі Напалеон” выражае ідэю драматычнага расповеду. Паэтонім Напалеон асацыятыўна збліжаецца з сусветна вядо-
мым іменем імператара-воіна і становіцца гаваркім найменнем творцы, талент якога адрадзіў і захаваў для нашчадкаў славу, красу і веліч роднага краю: “Служыць табе, бацькоўскі край, вось радасць найвялікшая. Я гато-
вы… Гатовы аддаць усё, што маю, усё, што ўмею і чым надзяліла ты мяне… Аддаць табе. Ні час, ні чужынцы не адбяруць у цябе гэтае прыга-
жосці. Ты народзіш яшчэ нямала славутых нашчадкаў, бо маеш на гэта сілы. А я пакажу ім веліч тваю, расплюшчу вочы іх, каб убачылі, што паходзяць яны ад славутага, багатага роду, і каб множылі набыткі твае. Ім прысвячаю я створанае мною на абшарах тваіх” [80, с. 37].
Галоўнае месца ў анамастыконе драматычнага расповеду займаюць антрапонімы – імёны, прозвішчы, мянушкі персанажаў. Аўтар апавядае чытачу пра слаўную гісторыю Радзімы. Таму на старонках твора не раз прыгадваюцца імёны рэальных гістарычных дзеячаў ХІХ стагоддзя: пісьменнікаў, кампазітараў, палітыкаў, паўстанцаў: Напалеон, Юзэфіна, Ірэна, Вітальд Орды, Юзэф Ігнацый Крашэўскі, Кастусь Каліноўскі, лорд Дудлей Сцюарт, Шапэн, Жорж Санд, Адам Міцкевіч, Тадэвуш Касцюшка. Сродкам адлюстравання каларыту слаўнай даўніны з’яўля-
юцца імёны-рэтраспекцыі, што называюць славутых продкаў, успамін пра якіх ажывае ў карцінах Напалеона Орды: “Хіба недастойны гэты Сабор (паказвае на Жытомірскі сабор), каб любаваліся ім нашчадкі нашыя праз многія пакаленні, хіба ім не цікава будзе даведацца, што названы горад імем яго заснавальніка Жытоміра, таварыша Аскольда і Дзіра. Пройдуць стагоддзі, і нічога гэтага ўжо не будзе. Час зруйнуе рукамі людзей ці прыроды палацы, храмы, крапасныя муры, як зруйнаваў племянныя паселішчы нашых далёкіх продкаў. Затое напамінак пра эпоху застанецца ў тваіх малюнках” [80, с. 35].
У п’есах Георгія Марчука ўжыты онімы-сучаснікі: імёны манархаў (караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта І, каралевы Боны), онімы-рэтраспекцыі: імёны святых айцоў, асветнікаў, друкароў, вялікіх мыслі-
целяў, палітычных дзеячаў мінулага Сергія Раданежскага, Гарацыя, Цыцэрона, Сенекі, Уладзіміра Манамаха, Еўфрасінні Полацкай, Швай-
польта Фіёля, Аляксандра Македонскага. У разважаннях Францыска Скарыны аб сучаснасці праз прызму гістарычных падзей, выкладзеных у Бібліі, гучаць імёны герояў Святога Пісання: “Была мудрая жанчына Юдзіф. Яе народ хацеў падпарадкаваць сабе асірыйскі цар. Паслаў ён войска на чале са сваім ваяводам Алафернам. Удава Юдзіф пайшла ў стан Алаферна, ягоным жа мячом соннаму адсекла галаву” [104, с. 68].
Заўважым, што імёны персанажаў твора А. Крэйдзіча з’яўляюцца паказчыкам іх прыналежнасці да каталіцызму (імёны шляхты Юзэфіна Орда, Юзэф Ігнацый Крашэўскі, Людвік Плятэр) і праваслаўя (імёны слуг Орды Філімон і Малафей).
Нацыянальны каларыт ствараюць у расповедзе Анатоля Крэйдзіча формы клічнага склону імёнаў, а таксама зварот праз спалучэнне імені са словам “спадар”: “Спадар Напалеон, я не раіў бы вампакуль што паказвацца на вочы Малафею” [80, с. 24]; “О-о, мілы Адаме, як блізкія мне твае пявучыя словы” [80, с. 37]. Рэгіянальныя формы клічнага склону імёнаў выкарыстаны ў п’есах Г. Марчука: “Пане Дамініку, даруйце мне маё нахабства” [104, с. 73]. Паводле нормаў сярэднявечнага этыкету, імёны ўжываліся ў спалучэнні з паказчыкам сацыяльнага рангавання пан, што адлюстравана ў рэпліках герояў п’есы брэсцкага аўтара: “Пан Якаб, мушу давесці, што тэрмін правядзення суда прызначае пан бурмістр” [104, с. 73].
Выразнікам сацыяльнага статусу асобы здаўна было прозвішча. Так, прозвішчы беларускай і польскай шляхты, герояў п’есы А. Крэйдзіча, утрымліваюць суфікс -оўск-: Сулкоўскія, Панятоўскі, Дамброўскі. Прозвішчы расійскіх вайскоўцаў і чыноўнікаў уключаюць суфіксы -оў-,
-еў-, -ін-: Бушын, Баранаў, Аванюкін. Прозвішчы сялян маюць у сваім складзе суфіксы -чук-, -юк-: Раўчук, Карлюк, Манчук. Прозвішча галоўнага героя твора ўтрымлівае звесткі пра паходжанне сям’і, роду. “Прозвішча Орда ўтворана ад мянушкі, якая вядзе свой пачатак ад цюркскага слова “арда” – ‘стан, вандроўнае племя’. Пазней гэта слова набыло яшчэ адно значэнне – ‘натоўп’. Магчыма, што Ордам звалі прадстаўніка цюркскіх народаў ці чалавека, знешнасць якога (смуглявая скура, чорныя вочы і валасы) ці паводзіны нагадвалі цюркаў” [166, с. 137].
Ужыта на старонках твора Анатоля Крэйдзіча характэрная для вясковага асяроддзя мянушка-андронім – празванне жонкі, утворанае ад прозвішча ці мянушкі мужа: “Точна прападзе без мяне. Сама Камаліха не можа справіцца з ёю, ніякія чары не памагаюць” [80, с. 26].
Значнае месца ў анамастыконе гістарычнай драматургіі займаюць так званыя “фонавыя онімы”: назвы геаграфічных аб’ектаў, устаноў, кніг, твораў мастацтва, культавых збудаванняў і інш. Сродкам увасаблення прасторава-часавых адносін у творы Анатоля Крэйдзіча з’яўляюцца тапонімы: шматлікія назвы краін (Францыя, Літва, Швейцарыя, Саксо-
нія, Рэч Паспалітая, Іспанія, Партугалія, Скандынавія, Алжыр), гарадоў (Дрэздэн, Парыж, Вільня, Варшава, Пружаны), вёсак (Варацэ-
вічы), вуліц (Ля Харпэ) Беларусі і замежжа, з якімі звязаны старонкі жыцця Напалеона Орды. Стварэнню гістарычнага каларыту спрыяюць таксама ўжытыя ў кантэксце драматычнай аповесці ўстарэлыя тапонімы, якія былі раскласіфікаваны паводле іх суадносінаў з сучаснымі назвамі. Фанетыка-словаўтваральныя археонімы адрозніваюцца ад сучасных назваў асаблівасцямі гучання і словаўтваральнымі афіксамі: Вільня (Вільнюс), Новагародак (Навагрудак). Гістарыёнімы – найменні аб’ектаў, якія зніклі з палітычнай і геаграфічнай карты, напрыклад: Кобрынскі ўезд, Гродзенская, Мінская, Віцебская, Ковенская, Валынская, Падольная, Кіеўская, Віленская і Магілёўская губерні; Падляшша (гістарычная вобласць на захадзе этнічнай тэрыторыі беларусаў у басейне Заходняга Буга і Нарава. У ХІІІ–ХІV стагоддзях цалкам увайшла ў Вялікае Княства Літоўскае). Семантычным археонімам з’яўляецца тапонім Літва, які ў гістарычным расповедзе ўжываецца ў значэнні ‘землі паміж сённяшнімі Навагрудкам, Маладзечнам, Мінскам, Слонімам’. У прамовах Орды нярэдка гучыць зварот да старажытнай краіны: “Край мой любы, Літва, я абышоў цябе ўдоўж і ўпоперак. Красою і веліччу напоўнены кожны твой кут. Каласы твае цяжкія і буйныя, як белыя боханы, вада з крыніц тваіх здаровая і смачная, як боскае пітво, людзі твае прыгожыя і таленавітыя, моцныя і духам, і целам сваім, а тварэнні рук іхніх ды розуму выклікаюць зайздрасць у любога, хто прыходзіць сюды” [80, с. 3]. Сродкам адлюстра-
вання падзей ХVІ стагоддзя з’яўляюцца ўстарэлыя тапонімы, ужытыя ў п’есах Г. Марчука. Найперш гэта гістарыёнімы: Масковія ‘назва маскоўскай дзяржавы, сустракаемая ў апісаннях замежных падарожнікаў, якія пабывалі ў ёй у ХV–ХVІІ стагоддзях’, Рэч Паспалітая ‘аб’яднаная польска-літоўская дзяржава з часу Люблінскай уніі’, Літоўскае княства ‘беларуска-літоўская дзяржава’. Прычым, паводле перакананняў грамадзян княства, значнасць гэтага дзяржаўнага ўтварэння падкрэслена ўжываннем назвы Вялікае Княства Літоўскае: “На сваю галаву мы далучылі гэтае Літоўскае княства да нашай кароны. Пыха адна. Яны яшчэ папраўля-
юць – Вялікае Княства Літоўскае, а не проста княства” [104, с. 56].
У аповедзе пра факты жыцця Орды і яго паплечнікаў Юзэфа Крашэў-
скага, Адама Міцкевіча і інш. Анатолем Крэйдзічам ужыты таксама эргонімы (Італьянская опера, Палата Дэпутатаў), гемеронім (“Газета штодзённая” ў Варшаве), бібліёнімы (“Граматыка музыкі”, “Пан Тадэвуш”), эклезіёнім (Жытомірскі сабор). Сродкам адлюстравання светапогляду беларусаў ХІХ стагоддзя з’яўляюцца тэонімы (“Я ўсё жыццё за цябе Бога прасіць буду, каб бараніў ад пакут ды няшчасцяў” [80, с. 8]), геартонімы (“Чаму ж забыліся? Благавешчанне сёння” [80, с. 23]).
Падзеі ХVІ стагоддзя і светапогляд жыхароў сярэднявечнай беларус-
кай дзяржавы перадаюць “фонавыя” онімы п’ес Г. Марчука: бібліёнімы Псалтыр, Біблія, “Малая падарожная кніжыца”, дакументонім “Статут Вялікага Княства Літоўскага”. У разважаннях Францыска Скарыны – чалавека, які прысвяціў жыццё пропаведзі Слова Божага праз друкаваную Біблію, – ужываецца тэонім Бог: “Хто жыве з Богам у душы, таго Бог ніколі не пакідае. Трэба жыць, працаваць. Трэба проста жыць і праслаўляць жыццё” [104, с. 56].
Найважнейшымі рысамі анамастычнай прасторы гістарычнай драматургіі Анатоля Крэйдзіча і Георгія Марчука з’яўляюцца пераважнае выкарыстанне імёнаў рэальных гістарычных асоб, а таксама адпаведнасць сэнсавай нагрузкі і формы найменняў герояў структуры і семантыцы іменаслову часу разгортвання дзеяння п’ес. Імёны галоўных герояў п’ес – Напалеона Орды і Францыска Скарыны – у кантэксце твораў становяцца гаваркімі паэтонімамі, якія спрыяюць паказу аўтарскага бачання прызначэння чалавека на зямлі праз роздум над лёсамі славутых людзей. Пісьменнікі так ці інакш звяртаюць увагу чытача (гледача) на антрапонімы створаных імі вобразаў праз аўтарскія рэмаркі, дзеянні і ўчынкі герояў, мастацкі кантэкст, калі самі персанажы ўдакладняюць матывацыю імён. Культурна-гістарычную функцыю выконваюць у п’есах “фонавыя” онімы (тапонімы, тэонімы, агіёнімы і інш.), якія з’яўляюцца сродкамі выражэння прасторава-часавых адносінаў у творах, а таксама перадачы асаблівасцей рэлігійных перакананняў, побыту, звычаяў людзей мінулых стагоддзяў.